Пілігрымка з Глыбокага ў Браслаў



80 каталіцкіх вернікаў з Глыбокага рушылі ў пешую пілігрымку ў Браслаў. Да іх далучыліся і будуць далучацца на шляху ахвотныя з Полацкага, Пастаўскага, Шаркоўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. Пілігрымы накіроўваюцца на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Уладаркі Азёраў, якія адбудуцца ў Браславе 18-19 жніўня.

Па словах пробашча глыбоцкай парафіі, ксяндза Мікалая Ціхановіча, спецыяльнага дэвізу для пілігрымкі яны не абіралі. Але дух фацімскіх аб’яўленняў увесь час у гэтым годзе пераважае ў касцёле.

Дэвіз у нас у духу юбілейнага года – стагоддзя аб’яўлення Маці Божай у Фаціме. Пакута, навяртанне, ружанцовая малітва – гэта нашы памкненні як пілігрымаў. Таксама навучыць маладых людзей важным справам у духоўным жыцці ў адносінах з Госпадам.

Паводле ксяндза Мікалая Ціхановіча, паломніцтва найбольш карыснае для моладзі. “Часта маладыя людзі “замыкаюцца” ў сваіх дамах перад камп’ютарамі. Таму пілігрымка – гэта выйсце з дому ў рэальны зямны свет з віртуальнага”, – дадае Мікалай Ціхановіч.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі