Пінск: гарадская паліклініка ўвяла дадатковыя меры бяспекі
У Пінску гарадская паліклініка ўвяла дадатковыя меры бяспекі. Каб прадухіліць распаўсюд каронавіруснай інфекцыі на ўваходзе ва ўстанову медыкі мераюць тэмпературу наведвальнікам і ў памяшканні пазначаны месцы для сядзення так, каб была неабходная дыстанцыя.
Медыкі заклікаюць пінчукоў звяртацца ва ўстановы аховы здароўя толькі пры вострай неабходнасці і адкласці ўсё планавае лячэнне. “Спыніць пандэмію можа толькі грамадзянская свядомасць”, – упэўнены супрацоўнік пінскай эпідэміялагічнай лабараторыі Эдурад Красоўскі:
– Я хачу падкрэсліць, што адна сістэма аховы здароўя эпідэмію не спыніць – яе спыніць толькі свядомасць, самаізаляцыя. Калі мы просім: не выязджайце, не хадзіце, калі ласка, пацярпіце, змяніце свой лад жыцця, захавайце сябе. Гэта не пустыя словы. Трэба прытрымлівацца гэтых рэкамендацый. Толькі так мы можам перамагчы.
Таксама стала вядома, што ў Пінску, на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, пачалі рабіць тэсты на каронавірусную інфекцыю. Тэсты робяцца толькі па замове ўстаноў аховы здароўя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: yandex.by