Пінск: на волі спікеры пратэстоўцаў, але ціск узмацняецца



У Пінску на волю выйшлі Юрый Бахцераў, Анатоль Ваткевіч і Валерый Хрысцюк. Напрыканцы жніўня пінчукі атрымалі па 15 сутак арышту за ўдзел у акцыях пратэсту. Бахцераў і Ваткевіч з’яўляюцца аднымі з чатырох народных спікераў, якіх 16-га жніўня, на шматтысячным мітынгу, упаўнаважылі прадстаўляць пазіцыю пінскіх пратэстоўцаў.

Злева направа: Юрый Бахцераў, Анатоль Ваткевіч, Валерый Хрысцюк.

“Улады ціснуць на самых актыўных, каб залякаць астатніх”, – гаворыць Анатоль Ваткевіч.

– Спроба застрашыць іншых людзей, хто сёння падзяляе нашыя погляды. Мы будзем прымаць усе законныя меры для абароны. Усе законныя варыянты, каб паказаць сваю пазіцыю. Мы нічога не парушаем, мы рэалізуем свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй.

Пераслед прыхільнікаў перамен у Пінску працягваецца. У панядзелак павінен адбыцца суд над навуковым супрацоўнікам Музея Беларускага Палесся. Валерый Кабрынец ад пятніцы знаходзіцца ў ізалятары, яго затрымалі на працоўным месцы.   

Беларускае Радыё Рацыя