„Пінская справа” ідзе да завяршэння



У судзе Маскоўскага раёна Берасця судзяць двух жыхароў Пінска: Іллю Бохана і Сцяпана Дразда – яны з’яўляюцца фігурантамі гучнай “пінскай справы”. Гэтую інфармацыю мясцовыя праваабаронцы даведаліся выпадкова, сваякі арыштаваных не пажадалі ісці на кантакт з прадстаўнікамі грамадскасці. Па словах старшыні Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Веранікі Івановай, працэс ужо ідзе да завяршэння:

„Наколькі я ведаю 27 будзе абвяшчэнне па іх справе. Іх сваякі ня палічылі неабходным супрацоўнічаць з праваабаронцамі, знаходзяцца ў той жа ілюзіі пра тое, што супрацоўніцтва з праваабаронцамі абцяжарвае прысуд, хоць па факце як мы назіраем, гэта зусім не так. У нас ёсць людзі, якія не ўзаемадзейнічаюць з праваабаронцамі, здзейснілі нязначныя дзеянні, раскаяліся, пакрылі шкоду, і атрымалі вельмі вялікія тэрміны. І людзі, якія актыўна ўзаемадзейнічалі з праваабаронцамі, не пагасілі шкоды, і тым не менш атрымалі значна меншыя тэрміны”.

Такім чынам колькасць асуджаных за ўдзел у стыхійным мітынгу ў першы пасля выбарчы вечар пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама павялічыцца да 26 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя