“Пінская справа” можа цягнуцца год



Як найменей год яшчэ будзе цягнуцца “Пінская справа”. Так мяркуе старшыня Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова. Па магчымасці яна бярэ ўдзел у судовых паседжаннях па справе і адсочвае лёс пінчукоў-палітвязняў.

Грамадская дзяячка адзначае, што працягваецца пераслед жыхароў Пінска, якія нейкім чынам звязаныя з леташнімі падзеямі 9 – 10 жніўня:

–  Калі быў адзін з працэсаў па палітычных зняволеных, ранейшы начальнік Пінскага гарадскога аддзялення ўнутраных спраў прагаварыўся пра тое, што яшчэ не ўсе знойдзеныя, не ўсе прыцягнутыя да адказнасці, што людзей значна больш, і што праца будзе даведзеная да канца. Сам той факт, што пацярпелых міліцыянтаў 109, а асуджаных значна меней, сведчыць пра тое, што яны вядуць пошукі.

На сёння за ўдзел у стыхійным мітынгу пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама ў першы паслявыбарчы вечар асуджана 26 пінчукоў. Усе яны атрымалі тэрміны ад 3,5 да 6,5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя