Пінскі школьнік атрымаў крышталёвую саву „Што? Дзе? Калі?”



17-гадовы пінскі школьнік Уладзімір Чачун атрымаў малую крышталёвую саву за лепшае пытанне вясновых гульняў Беларусі клуба „Што? Дзе? Калі?”.

Школьнік збянтэжыў каманду Андрэя Супрановіча пытаннем аб японскім тэатры. А дакладней пра старадаўняе спаборніцтва, у якім удзельнічалі два акцёры на сцэне. Знаўцам трэба было адказаць, па якіх крытэрах выбіраўся пераможца. Правільны адказ каманда Супрановіча не знайшла. А ён быў просты – перамагаў акцёр, які сыграў ролю так, што здолеў зрабіць свайго апанента гледачом, піша „Заря„.

Уладзімір Чачун вучыцца ў пінскай школе №14. Ужо больш за два гады ён гуляе ў „Што? Дзе? Калі?” у складзе гарадскіх каманд у Пінску. Пакуль гэта хобі, але Уладзімір не выключае пераходу і на больш сур’ёзны ўзровень.

Сваю перамогу ў сацыяльных сетках ён пракаментаваў коратка: „Вечна глядзець можна на зоркі, агонь і тое, як каманда Супрановіча абмяркоўвае маё пытанне!”.