Пінску спрабуюць вярнуць страчанае гістарычнае аблічча



Пінску спрабуюць вярнуць страчанае, ў выніку войнаў і за савецкі перыяд, гістарычнае аблічча. Старажытная вуліца, якая зараз носіць імя Леніна і з’яўляецца пешаходнай, зменьваецца карэнным чынам. Рэканструююць і адраджаюць з нуля некалькі будынкаў ХІХ стагоддзя ў цэнтральнай часцы гораду.

Працы ў гэтым накірунку працягнуцца і пасля берасцейкіх абласных “Дажынак”, якія сёлета пройдуць у сталіцы Палесся.

Вярнуць сапраўдную веліч Пінску магчыма толькі праз адраджэнне знішчанага ў 1953 годзе касцёлу святаго Станіслава – перакананы краязнаўца Эдвард Злобін. Ён сцвярджае, што яшчэ ў 2007 годзе распрацоўваўся адпаведны праект у Менску.

Намесніца дырэктара Музея Беларускага Палесся Святлана Лазюк адзначае, што страчаны касцёл быў сімвалам Вялікага княства Літоўскага:

 – Касцёл святога Станіслава ў Пінску з’яўляўся самым вялікім касцёлам езуітаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. І ў адрозненне ад іншых касцёлаў ордэна, у нашага касцёла былі вялікія “крылы”, напэўна гэта самы прыгожы касцёл ордэна быў на той час.

Карэнная пінчанка, чые дзяцінства прайшло ў міжваенны перыяд Барбара Шыманская на ўсё жыццё запомніла касцёльныя ўрачыстасці:

– Хадзіла я ў касцёл, усё, як належыць. Урачыста ўсё так было. Поўны касцёл людзей. І вайскоўцаў. Вось, што мне запомнілася. Маліліся Андрэю Баболю.

Ліквідацыя святыні адгукнулася болем ў сэрцах вернікаў розных канфесій і тых атэістаў, якія разумелі гісторыка-архітэктурную каштоўнасць касцёлу. Тым не менш тагачаснае кіраўніцтва горада па асабістай ініцыятыве зруйнавала касцёл не чакаючы рэкамендацый вышэйшага кіраўніцтва.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя