Пісьменніку Алесю Клышку —70



Сёння сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, кандыдат тэхнічных навук Алесь Клышка адзначае свой юбілей. Гэтаму мужнаму, таленавітаму, апантанаму ў жыццё чалавеку спаўняецца 70 гадоў. У менскай кватэры ён з самай раніцы прымае віншаванні ад сяброў, сваякоў, равеснікаў і літаратараў.

Алесь Клышка нарадзіўся ў Менску. Скончыў палітэхнічны інстытут, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ён – тэхнічны чалавек, які мае шмат патэнтаў на вынаходніцтва ў галіне экалагічна чыстых тэхналогій і аховы навакольнага асяроддзя, напісаў на гэтыя тэмы і апублікаваў больш за сотню навуковых матэрыялаў. А яшчэ Алесь Клышка – шчыры беларус, які любіць роднае слова, займаецца літаратурай. Ён напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, публіцыстыкі, кніг твораў для дзяцей. Разам з паэтам Зьнічом (Алегам Бембелям) яны напісалі цудоўныя кнігі “Жыровіцкія камяні”, “Шлях да Жыровічаў”, “Жыровіцкая пастэраль” і “Званіца”. Гэта кнігі-гутаркі, кнігі-развагі пра нялёгкі лёс нашай Бацькаўшчыны, пра месца Беларусі ў духоўнай прасторы планеты, пра тыя падзеі, якія сёння адбываюцца ў свеце, у палітыцы і ў літаратуры.

Алесь Клышка падрыхтаваў і выдаў таксама ўнікальны фільм па гісторыі Менска “Менская зямля”, а таксама шэраг аўдыёкніжак і музычных стужак.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя