Полацак рыхтуецца да Дзён беларускага пісьменства



Застаўся адзін дзень да пачатку мерапрыемстваў, якія пройдуць у рамках полацкіх Дзён беларускага пісьменства. У цэнтры горада ўсталёўваюцца гандлёвыя рады і кавярні. На цэнтрыльнай плошчы Свабоды, насупраць будынка райвыканкама, мантуецца вялікая сцэна.

Па цэнтру горада абмежаваны аўтамабільны рух. З заўтрашняга дня на тры дні ў горадзе ўводзіцца сухі закон.

1 верасня, з улікам таго, што ў Беларусі гэта традыцыйны дзень ведаў, у Полацку пройдуць шматлікія моладзевыя мерапрыемствы – алімпіяды, адкрытыя урокі беларускай мовы і літаратуры, спектаклі, квэсты, гульнявыя праграмы.

Асноўнай падзеяй першага дня стане свята-фэст сярэдневяковай культуры „Рубон”.

Афіцынае адкрыццё Дзён беларускага пісьменства адбудзецца 2 верасня. Мерапрыемствы свята будуць праходзіць на дзясятках пляцовак. А 18-й гадзіне каля Сафійскага сабора ўрачыста адкрыюць мемарыяльныя знак „Полацак – калыска беларускай дзяржаўнасці”.

Мерапрыемствы свята будуць працягвацца і ўвесь дзень 3 верасня.

Да полацкіх Дзён беларускага пісьменства адрамантавалі мясцовую кнігарню „Светач”, якая зараз атрымала сучасны, прыгожы выгляд. Таксама рамонтныя працы выкананы больш чым на 300 аб’ектах і помніках архітэктуры горада, перадусім на Сафійскім саборы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы