Полацкага праваабаронцу аштрафавалі за няяўку да следчага



Рабаўніцтва банку, якое адбылося ў пачатку сакавіка ў аграгарадку Фарынава, зрабілася для мясцовай міліцыі нагодай для затрыманьня актывістаў.

Асабліва напярэдадні Дня Волі, падкрэслівае Юры Бельскі, які адмовіўся ўзяць позву да следчага ў гэтай справе:

«Яшчэ 23 сакавіка пасля 18-й вечара да мяне дахаты прыйшлі двое міліцыянтаў. У іх быў цэлы спіс, каму ўручыць позвы ў Следчы камітэт на 24 сакавіка. Я выдатна разумеў, што колішняе рабаўніцтва банку — гэта ўсяго толькі нагода для затрымання перад 25-м. Позву я не ўзяў, бо на 24-га ў мяне былі запланаваны сямейныя справы. Скончылася тым, што раніцай 25-га мяне затрымалі. Прымусова адвезлі спачатку ў міліцыю, а потым у Cледчы камітэт, дзе спыталі пра рабаўніцтва. Сказаць мне не было чаго, але замест таго, каб адпусціць, мяне зноў павезлі ў міліцыю і склалі пратакол за хуліганства».

Двое сутак праваабаронца правёў у ізалятары часовага ўтрымання. 27 сакавіка адбыўся суд, на якім Юрыя Бельскага пакаралі тымі самымі двума суткамі арышту, якія ён ужо адбыў.

Сёння адбыўся яшчэ адзін працэс, звязаны з Днём Волі. Суддзя Людміла Блізнёва пастанавіла аштрафаваць праваабаронцу за тое, што ён адмовіўся ўзяць позву да следчага. Але такога артыкулу няма ў Адміністрацыйным кодэксе, кажа спадар Бельскі:

«Таму мяне вырашылі пакараць за няяўку па позве. Але суд праігнараваў тую акалічнасць, што да адказнасці можна прыцягнуць, калі позву ўручылі належным чынам — пад подпіс. А я нічога не браў і ні за што не падпісваўся. Адпаведна, і вінаваціць трэба не мяне, а тых, хто прыносіў позву».

Юрый Бельскі зьбіраецца абскардзіць рашэнне суду.

svaboda.org