Полацкія ўлады заблакавалі рахункі ўстановы „Адвакацыя”



Як паведаміў заснавальнік Мікалай Шарах, загадана спыніць дзейнасць установы “Адвакацыя. Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва” 26 верасня. Але цяпер праверку фінансавай дзейнасці ўстановы праводзіць падатковая інспекцыя, і афіцыйна спыненне дзенасці адбудзецца 1 кастрычніка.

Цягам апошніх трох месяцаў Мікалай ШАрах прыкладаў усе магчымыя высікі, каб захаваць суполку. Арэндадаўцы адмаўлялі яму ў арэндзе памяшкання, але ён усё адно забяспечыў “Адвакацыю” юрыдычнай адрэсай. Яго выклікалі на гутарку ў пракуратуру, пасля чаго памочнік пракурора Антон Васілевіч вынес пастанову пра шматлікія парушэнні статутнай дзейнасці. Якія менавіта, так і засталося невядомым, кажа Мікалай Шарах:

— Ліст з пракуратуры пайшоў у выканкам, што парушэнні знойдзены. У чым канкрэтна, ён не патлумачыў. Сказаў, што тлумачыць не абавязаны. Так што палітычнае рашэнне пра закрыццё не залежыць ад таго як ты працуеш – ці ёсць у цябе парушэнні, ці няма. Ёсць каманда закрыць, і ўсе службы працуюць на гэта, і яна выконваецца.

Выклікалі Мікалая Шараха і ў дэпартамент фінансавых расследаванняў. Падчас гутаркі актывіст зрабіў выснову, што “Адвакацыю” падазраюць у фінансаванні пратэстнай дзейнасці. Насамрэч арганізацыя дапамагала людзям вырашаць іх прававыя праблемы і камунальныя пытанні, якія часта ігнаруюцца ўладамі. Пасля зваротаў, якія дапамагала складаць “Адвакацыя”, былі адрамантаваныя крама і дарогі, аднавіліся скасаваныя транспартныя прыпынкі, сталі больш зручнымі маршруты гарадскіх аўтобусаў, некаторыя жыхары рэгіёна змаглі палепшыць і свае працоўныя ўмовы.

Беларускае Радыё Рацыя