Польшча спыніла выдачу беларусам віз „на закупы”



Польшча 2 студзеня спыніла выдачу беларусам шэнгенскіх віз для пакупак.

У адпаведнасці з удакладненым пералікам прыкладаных дакументаў, адзіным для ўсіх консульскіх устаноў краін — членаў Шэнгенскага пагаднення, пры звароце па візы грамадзяне Беларусі абавязаныя падаць: пацвярджэнне наяўнасці грашовых сродкаў, страхавы поліс, а таксама пацвярджэнне браніравання гасцініцы ў Польшчы на час знаходжання або дагавор арэнды жылога памяшкання ў Польшчы.

Раней для атрымання візы на пакупкі да стандартнага пакета дакументаў неабходна было прыкласці заяву аб намеры рабіць пакупкі ў Польшчы пры першым звароце. Пры наступных зваротах неабходна было прадставіць арыгіналы і копіі бланкаў на вяртанне VAT і Tax Free, што пацвярджала належнае выкарыстанне візы.

Змены, якія пачалі дзейнічаць 2 студзеня, „носяць чыста тэхнічны характар”, заявілі раней у польскім пасольстве ў Менску. „Іх мэта — яшчэ большая адкрытасць на патрэбы грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ўязджаюць у Польшчу, а таксама ўязджаюць праз Польшчу ў іншыя краіны — члены Шэнгенскага пагаднення”, — падкрэслілі ў дыпмісіі.

„Тэхнічныя змены станоўча паўплываюць на задавальненне высокага попыту на шэнгенскія візы, якія выдаюць консульскія ўстановы Рэспублікі Польшча ў Беларусі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні польскага пасольства.

Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, якія падаюць дакументы на атрыманне візы, гэтыя змены не прычыняць нязручнасці, заявілі ў пасольстве.

belapan.by