Польшча выдзеліла менскай школе 30 тыс. еўра
Дзякуючы гэтаму ў навучальнай установе адкрыты сучасны кабінет дакладных навук.
У менскай сярэдняй школе №69 адкрыты сучасны кабінет дакладных навук «Клуб адкрывальніка». Гэта ўдалося зрабіць дзякуючы праграме малых грантаў з дзяржаўнага праекту «Польская дапамога».
«Гэта адзін з сямі праектаў, рэалізаваных у 2017 годзе пасольствам Польшчы ў Беларусі», – паведаміў польскі пасол Конрад Паўлік.
Праект дазваляе таксама настаўнікам менскай школы прымаць удзел у семінарах, арганізаваных варшаўскім Цэнтрам навукі «Капернік», і ўстанавіць кантакты з варшаўскай базавай школай №41, у якой таксама працуе «Клуб адкрывальніка».
Грашовая сума праекту, выдаткаванага са сродкаў «Польскай дапамогі», складае 30 тыс. еўра. Амбасадар Паўлік выказаў спадзяванне, што праект «дапаможа ў развіцці міжшкольнага супрацоўніцтва паміж Менскам і Варшавай».
У школе №69 вучні вывучаюць польскую мову ў якасці замежнай, паведамляе Польскае агенцтва друку.
Амбасадар Польшчы Конрад Паўлік (у цэнтры) сярод вучняў і педкалектыву
Фота: амбасада Польшчы ў Беларусі