Польская дэлегацыя наведала Шаркоўшчынскі і Мёрскі раёны



Польская дэлегацыя на чале з кіраўніком Польскага інстытута ў Менску Цэзарыем Карпіньскім і консулам Марыяй Каліноўскай 8 ліпеня наведалі могілкі ў Шаркоўшчынскім і Мёрскім раёнах.

Яны завіталі ў мястэчкі Лужкі, Германавічы і Язна і ўшанавалі памяць польскіх жаўнераў, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе. У Лужках і Германавічах пахаваныя крыху больш за 80 салдат у кожным з гэтых мястэчкаў, у Язна – 42.

Як кажа кіраўнік Польскага інстытута ў Менску Цэзарый Карпіньскі, не ўсе яшчэ могілкі яны здолелі аднавіць, бо аднаўляецца дзесьці па тры цвінтары ў год. Але ён удзячны мясцовым людзям і ўладам, якія даглядаюць за імі:

– Сёння мы наведваем Лужкі. Чарговы выезд амбасады і Польскага інстытута, вайсковага аташэ, афіцэраў пагранічных войскаў і паліцыі, іншых прадстаўнікоў на могілкі загінулых жаўнераў у 1920 годзе. У Лужках некалькі дзясяткаў магілаў. Гэта наш чарговы выезд на могілкі ў межах 100-годдзя Варшаўскай бітвы і ўвогуле польска-бальшавіцкай вайны.

Падчас імпрэзаў польскую дэлегацыю віталі прадстаўнікі ўлады, духавенства і мясцовыя жыхары. У Язна дыпламатаў сустрэлі нават з хлебам і соллю, а намеснік Мёрскага райвыканкама Валерый Драба выступіў з прамовай наконт прычынаў вайны і яе ўплыву на лёсы людзей. На ўсіх могілках адбыліся кароткія малебны, ускладанне кветак і запальванне лампадак.

Усяго ў Беларусі налічваецца больш за 40 могілак, дзе пахаваныя польскія жаўнеры, загінулыя падчас савецка-польскай вайны.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]