Польскі парапланерыст парушыў беларуска-польскую мяжу



Польскі парапланерыст думаў, што знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, а апынуўся на ўскраіне Берасця.

Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт, 11 чэрвеня ў раёне пункта пропуску „Казловічы” памежны патруль заўважыў параплан, які ляцеў на вышыні каля тысячы метраў з боку Польшчы. Лятаючы аб’ект над мяжой заўважылі і мясцовыя жыхары, якія ў сваю чаргу таксама паінфармавалі памежнікаў пра гэты факт. У выніку парушальніка затрымалі супрацоўнікі Берасцейскай памежнай групы за 600 метраў ад дзяржаўнай мяжы адразу пасля яго прызямлення.

Польскі парапланерыст – мужчына 1975 года нараджэння, які растлумачыў, што падчас палёту страціў арыенціроўку. Калі прызямліўся, ён лічыў, што знаходзіцца непадалёк ад польскага горада Бяла-Падляска. У дачыненні да паляка пачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне дзяржаўнай мяжы. Спартсмену-аматару пагражае буйны штраф разам з дэпартацыяй і забаронай на ўезд у Беларусь.

Паводле БелаПАН