Абсурдны помнік маракам СССР у Івацэвічах



У сухапутным горадзе Івацэвічы ўсталявалі помнік-маяк маракам СССР. Хоць сярод 9 маракоў-беларусаў, узнагароджаных званнем Героя Савецкага саюза падчас Другой сусветнай вайны няма ніводнага з Івацэвіч, як і сярод 74-х беларусаў адміральскага звання.

Тым не менш, на помнік знайшлося месца і знайшліся грошы, кажа намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Вялікаселец:

Дзякуючы ініцыятыўнай групе ваенных маракоў, якія пражывалі ў горадзе Івацэвічы, паўстала ідэя стварэння і ўсталявання памятнага знака нараджэнцам Беларусі, якія служылі ў ваенна-марскім флоце. Райвыканкам падтрымаў ініцыятыву і даў месца для ўсталявання памятнага знака, які цяпер упрыгожвае наш горад.

У свяце актыўны ўдзел брала івацэвіцкая ўлада і праваслаўная царква. Паводле мясцовага праваслаўнага святара айца Грыгорыя, “вялікі Савецкі Саюз развалілі знешнія ворагі”, “але наш рускі народ заўсёды быў народам-міратворцам”. “Гэты помнік патрэбен для выхавання нашчадкаў тых, хто памятае вялікую краіну”. Завяршылася свята падняццем расейскага сцяга і цалаваннем адным з прысутных адстаўных вайскоўцаў падоранага расейцамі чырвонага сцяга “Працоўная доблесць Расеі”. Падняцце расейскага сцяга, а не хаця б чырвонага савецкага, паказала ідэю свята, кажа грамадскі актывіст Вадзім Мінчук:

– Па-першае, гэта расейскі сцяг, што ўжо само па сабе выклікае некаторыя пытанні. Ці гэтыя людзі служылі ў расейскім войску, на расейскім флоце? Ці на савецкім? Прычым тут Расея? Яшчэ немалаважная рэч – тое, як усё гэта адбывалася: ушанаванне з боку дзяржавы і праваслаўнай царквы.

На свяце прысутнічаў  ваенны аташэ Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Максім Казанцаў,  байкеры з надпісам “рускія матацыклісты” і прадстаўнікі расейскіх грамадскіх аб’яднанняў.

Беларускае Радыё Рацыя