Помнік Янку Купалу можа з’явіцца ў Магілёве



Помнік Янку Купалу можа з’явіцца ў Магілёве. Размовы пра гэты праект усё гучней, а ў ліпені будуць збірацца подпісы за манумент. Аўтар ідэі Алег Дзьячкоў — вядомы магілёўскі экскурсавод. Ён падкрэслівае, што менавіта ў Магілёве помнік будзе выглядаць найбольш гарманічна, бо гораду Янка Купала прысвяціў паэму «Магіла льва»:

Большасць экскурсій пачынаецца з Замкавай гары. Ну і канешне ж мы распавядаем легенды аб паходжанні назвы горада Магілёва, пра разбойніка Машэку і там чытаю ўрывак:

«Над ёю з часам дрэвы палі,

І горад вырас, як з зямлі,

Яго Магілевам назвалі,

Бо йнакш прыдумаць не маглі.»

Вядома, варта таксама яшчэ заўсёды адзначаць, што менавіта нашаму гораду Купала прысвяціў цэлую паэму.

Праект помніка Янку Купалу ў Магілёве яшчэ знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Прычым грошы на яго будуць збірацца сярод звычайных людзей, якія жадаюць ушанаваць памяць славутага паэта на магілёўскай зямлі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя