Поспехі і выклікі супрацы грамадскага сектара і бізнэс-сферы



Актывісты і творчыя людзі Беларусі рэалізуюць свае праекты ў тым ліку і праз наўпроставую падтрымку беларускага бізнэса. Бізнэс Беларусі ў сваю чаргу выспявае ў спецыфічных умовах: ён занадта “малады”, каб укладвацца ў некамерцыйныя праекты, але пры гэтым мае амбіцыі і добра ведае лакальныя патрэбы і выклікі. У выніку ад паспяховай і зладжанай супрацы грамадскага сектара і бізнэс-сферы наўпрост залежыць будучыня Беларусі на месцах. Пра гэта і не толькі, прадстаўнікі бізнесу, грамадскіх арганізацый, культурных і  адукацыйных ініцыятыў размаўлялі падчас публічнай дыскусіі „Як мы перасталі турбавацца і пачалі супрацоўнічаць: поспехі і выклікі сумесных праектаў крэатыўных супольнасцяў і бізнэсу”.

Пра свой рэцэпт актыўнай супрацы распавяла спікер дыскусіі і арганізатарка фестывалю „Вуліца Бразіл” Міла Котка:

Беларусь – гэта DIY-country. Гэта краіна, дзе калі нешта хочаш, каб адбывалася, трэба зрабіць гэта самому. Таму што ніколі ў жыцці не дачакаешся, каб нехта іншы зрабіў тое, што важна менавіта табе. Фраза “я за ўсё адказваю”,  аказваецца, вельмі магічная ў Беларусі. Калі ты гэта кажаш, гэта адчыняе ўсе дзверы і дае неверагодныя магчымасці.

Дыскусія пра супрацу крэатыўных супольнасцяў і бізнэсу з’яўляцца часткай цыклу лекцый праекта Creative Communities Jam, які ладзіцца па ініцыятве Інстытута Гётэ ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фото: 34mag.net