Пра гісторыю жаночага свята 8 Сакавіка



Сёння – Міжнародны жаночы дзень. Гэтае свята надалей адзначаюць у шматлікіх краінах, хоць яно збольшага згубіла свой першапачатковы сэнс – а гэта змаганне за роўныя правы жанчын. 

Міжнародны дзень жанчын бярэ свае пачаткі ў рабочых рухах Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Пачаткі гэтага свята ідуць з 28 лютага 1908 года, калі на заклік нью-ёркскай сацыял-дэмакратычнай жаночай арганізацыі адбыўся мітынг за раўнапраўе жанчын. 15 тысяч жанчын прайшлі маршам праз увесь горад, патрабуючы скарачэння рабочага дня і роўных з мужчынамі ўмоў аплаты працы, таксама гучала патрабаванне выбарчага права для жанчын. У 1909 годзе Сацыялістычная партыя Амерыкі абвясціла нацыянальны жаночы дзень, які адзначаўся ў апошнюю нядзелю лютага. У 1910 дэлегаткі з ЗША прыбудуць у Капенгаген на Другую міжнародную канферэнцыю сацыялістак, падчас якой Клара Цэткін і прапанавала заснаваць міжнародны жаночы дзень. У гэты дзень жанчыны мелі ладзіць мітынгі і шэсці, прыцягваючы ўвагу грамадства да сваіх праблем.

Тут варта ў некалькіх словах расказаць пра саму Клару Цэткін. Яна была актыўнай змагаркай за правы жанчын, адной з самых вядомых асоб нямецкага і міжнароднага сацыялістычнага і жаночага руху, у свой час заўважыла небяспеку нацызму, была ідэйнай камуністкай, якая сябравала з Леніным і Крупскай. Дарэчы апошнім яе прыстанішчам і стаў Савецкі Саюз пасля таго, як левыя партыі ў Германіі былі забароненыя. Яна памерла 20 чэрвеня 1933 года ў падмаскоўі, маючы 76 гадоў. Прах Клары Цэткін быў змешчаны ў урне ў крамлёўскай сцяне на Краснай плошчы ў Маскве, а пахаваць нямецкую рэвалюцыянерку прыйшлі тады 600 тысяч чалавек.

Але вяртаючыся да Міжнароднага дня жанчын, які пачаткова называўся  “Міжнародны дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае раўнапраўе”. У наступныя пасля заснавання гады свята адзначалася ў розныя дні і ў шматлікіх краінах, у тым ліку ў Францыі, Чэхіі, Венгрыі, Расеі, Швейцарыі, Аўстрыі, ЗША ды іншых, і толькі з 1914 года канчаткова зафіксавалася дата 8 сакавіка, магчыма з той прычыны, што гэта была нядзеля. Новыя акцэнты свята набыло пасля таго, як да ўлады прыйшлі бальшавікі, тады свята стала кампанентам класавай барацьбы і ўдзелу жанчын у сацыялістычным будаўніцтве. У Заходняй Еўропе яно пачало паціху адыходзіць. Сярод важных дат варта ўзгадаць 1977 год, калі ААН прыняла рэзалюцыі, якая замацавала за жаночым днём статус міжнароднага. Дзень змагання за правы жанчын і міжнародны мір. Праўда, на постсавецкай прасторы такі сэнс свята ўжо страчаны. Цяпер для многіх гэта проста дзень жанчын, калі гаворка ідзе не аб правах і раўнапраўі, а пра кветкі, цукеркі, парфумы, панчохі і шампанскае. Што, на маю думку, таксама зусім някепска. Вяртаюцца да гістарычнага сэнсу свята пераважна феміністкі, якія ладзяць 8 Сакавіка свае акцыі, прысвечаныя гендарнаму раўнапраўю.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: lifestyle.24tv.ua