Пра механізмы ўплыву на дзяржаўную палітыку



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл правялі ў Слоніме семінар, на якім ішла гутарка пра механізмы ўплыву грамадзян на дзяржаўную палітыку.

Семінар адкрыў намеснік старшыні Слонімскага грамадскага аб’яднання “Мінолс” Павел Севасцьян. А пасля юрыст і эксперт БНФ “Адраджэнне” з Гародні Вадзім Саранчукоў вёў гутарку са слонімцамі пра агульныя рамкі грамадскага ўдзелу і прынцыпы ўплыву грамадзян на дзяржаўную палітыку. Вадзім Саранчукоў таксама спыніўся на класіфікацыі формаў удзелу ў рэалізацыі мясцовага самакіравання і іх прынцыпах. Ён цікава і змястоўна распавёў, як дамагчыся большага ўплыву грамадзян на дзяржаўную палітыку і якія інструменты забяспечваюць падтрымку працэсу ўплыву грамадзян на дзяржаўную палітыку.

Выступленне Вадзіма Саранчукова выклікала неадназначны водгук у слонімцаў. Сябры згуртавання дэмакратычных сіл на канкрэтных прыкладах распавядалі, як слонімцы прымаюць удзел у дэмакратычным руху не толькі на Слонімшчыне, але і ў Беларусі ў цэлым. Па выступленнях слонімцаў было бачна, што ў многіх рэгіёнах Беларусі дэмакратычны рух па розных прычынах наогул спыніў сваё існаванне. І гэта хвалюе дэмакратычную Беларусь. Але ў Слоніме па-ранейшаму сябры згуртавання дэмакратычных сіл жадаюць, каб у Беларусі ўсё ж механізмы ўплыву грамадзян на дзяржаўную палітыку былі больш адкрытымі, актыўнымі і патрабавальнымі.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім