Пра што гутарыў з людзьмі Сяргей Раўнейка да свайго арышту
Як вядома, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гарадзенскай вобласці Сяргей Раўнейка затрыманы Камітэтам дзяржбяспекі за хабар у памеры 200 тысяч долараў ЗША. Пра гэта паведаміла прэс-служба КДБ.
Памочнік прэзідэнта па Гарадзенскай вобласці Сяргей Раўнейка на працягу апошніх 12 месяцаў амаль кожныя два тыдні сустракаўся на Гарадзеншчыне з людзьмі. Пра гэта актыўна пісалі ўсе раёнкі Гарадзенскай вобласці і абласныя дзяржаўныя СМІ. Гэта былі своеасаблівыя справаздачы інспектара па Гарадзенскай вобласці. І жыхары Гарадзенскай вобласці запісваліся на прыём да вялікага начальніка з надзеяй, што ён дапаможа вырашыць прыватныя праблемы людзей. І некаторыя пытанні пасля такіх сустрэч, сапраўды, вырашаліся. Але шмат праблем так і засталіся нявырашанымі, тым больш, што яны ў людзей з кожным годам узнікалі і ўзнікаюць усё больш і больш. Людзей пастаянна хвалююць жыллёвыя праблемы, прыватызацыя жылля, газафікацыя дамоў, працаўладкаванне, грубыя адносіны начальнікаў да людзей, пытанні, звязаныя з дэкрэтам № 3, пытанні з заробкам, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва, з пенсіямі і дзесяткі іншых.
Вось што сёлета Сяргей Раўнейка казаў людзям і прэсе падчас сустрэч у Гародні, Зэльве, Астраўцы, Наваградку, Ваўкавыску, Воранаве.
Некалькі цытат Сяргея Раўнекі падчас сустрэч:
“Усе дзяржаўныя службы павінны працаваць перш за ўсё ў інтарэсах людзей. У Гарадзенскай вобласці неабходна больш уважліва і сур’ёзна звярнуць увагу на развіццё медыцыны ў Зэльвенскім раёне, аказаць пэўную дапамогу, а таксама прыняць меры па ўмацаванню кадравага саставу медыцынскіх работнікаў”(Сказана ў Зэльве).
“Трэба павышаць выконваючую і працоўную дысцыпліну ў арганізацыях, якія працуюць у галіне ЖКГ” (Сказана ў Гародні).
“Вопыт дэкрэта №3 выклікаў неабходнасць тлумачэння, у сувязі з чым туды былі ўнесены пэўныя змены” (Сказана ў Ваўкавыску).
“У нас у краіне народаўладдзе і людзі – гэта наша ўлада. Праблемы, жаданні, клопаты кожнага чалавека – гэта агульнадзяржаўныя праблемы” (Сказана ў Дзятлаве).
“Чыноўнікі любога ўзроўню абавязаны хутка рэагаваць на просьбы людзей: па нашых паводзінах складваецца ўражанне пра ўсю сістэму кіравання дзяржавай” (Сказана ў Воранаве). “Даводзіцца сутыкацца з прававой неадукаванасцю людзей. Над гэтым трэба працаваць. Вывучаючы грамадазнаўства, ужо са школьнай парты грамадзяне павінны атрымліваць веды, як жыць у прававых адносінах, па якому пытанню куды звяртацца. Гэту праблему неабходна вырашаць на дзяржаўным узроўні” (Сказана ў Гародні).
“Асабліва сур’ёзна раённыя ўлады павінны падыходзіць сёння да заяў грамадзян пра вызваленне іх ад уплаты збора на фінансіраванне дзяржаўных расходаў” (Сказана ў Гародні) і г.д.
Беларускае Радыё Рацыя
