Прабег у падтрымку прафлідара Ігара Комліка



У Берасці актывісты Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) правялі прабег у падтрымку прафсаюзнага лідара Ігара Комліка, які знаходзіцца ў СІЗА.

Як паведаміў БелаПАН прававы інспектар прафсаюза РЭП па Берасцейскай вобласці Уладзімір Малей, 24 жніўня ён і мясцовы актывіст прафсаюза Аляксандр Сахарук прабеглі па пешаходнай вуліцы Савецкай з прафсаюзным сцягам, у майках з партрэтамі Комліка і надпісам „Свабоду Ігару Комліку!”.

„Падчас прабегу мы спыняліся па просьбе прахожых, якія казалі, што абураныя рэпрэсіямі ў дачыненні да лідараў нашага прафсаюза”, — сказаў Малей.

Ён нагадаў, што 25 жніўня ў Берасці на пляцоўцы каля кінатэатра „Беларусь” на вуліцы Савецкай планаваўся пікет з мэтай выказвання пратэсту супраць рэпрэсіўных дзеянняў улады ў дачыненні да прафсаюза РЭП і яго актывістаў.

Мясцовая ўлада забараніла пікет з матывіроўкай, што ён вызначаўся не ў вызначаных гарвыканкамам месцах для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік былі затрыманыя 2 жніўня і дапытаныя ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Пасля допыту Фядыніча адпусцілі, ён пад падпіскай аб нявыездзе, Комліка затрымалі, ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску.

Прафсаюзныя актывісты падазраюцца ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, у дачыненні да іх распачатая крымінальная справа.

belapan.by