Прадпрыемствы „Беллегпрама” ўдвая павялічылі вытворчасць медыцынскіх масак



Прадпрыемствы „Беллегпрама” павялічылі вытворчасць медыцынскіх масак удвая, да 550 тысяч за суткі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна.

„У мэтах забеспячэння фармацэўтычных арганізацый неабходным аб’ёмам медыцынскіх масак кіраўніцтвам канцэрна „Беллегпрам” прынятае рашэнне аб часовым перапрафіляванні шэрагу прадпрыемстваў для пашыву медыцынскіх вырабаў. Цяпер маскі будуць вырабляць 15 прадпрыемстваў (раней — чатыры)”, — паведаміла прэс-служба.

На 5 сакавіка замоўцам, самыя буйныя з якіх — „Белмедтэхніка” і „Белфармацыя”, ужо пастаўлена прыблізна 1,2 млн медыцынскіх масак.

У канцэрне адзначылі, што маскі беларускія прадпрыемствы вырабляюць з бавоўны, яны чатырохслаёвыя, шматразовыя, іх можна стэрылізаваць.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, на сёння ў Беларусі пацверджаныя шэсць выпадкаў COVID-19. Пад медыцынскім кантролем знаходзяцца 14,5 тысячы чалавек — гэта тыя, хто нядаўна прыбыў з эпідэмічна неспрыяльных па каранавірусе краін або кантактаваў з імі.

belapan.by