Прадпрымальнікі будуць збіраць подпісы за «Народны ўказ»



Прадпрымальнікі будуць збіраць 50 тысяч подпісаў. Яны хочуць свой «Народны ўказ», які ёсць альтэрнатывай прэзідэнцкаму ўказу №222, прадставіць на разгляд у парламенце. Напярэдадні працоўная група пры Міністэрстве эканомікі нават не стала разглядаць прапановы бізнэсоўцаў па зменах у заканадаўстве. Пра гэта паведаміў лідар аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка:

– Я думаю, што тут на першы план выходзіць палітычнае пытанне. І гэта мы ўжо пачынаем разумець. У любым выпадку будзем працягваць змагацца. Паспрабуем арганізаваць ініцыятыўную групу, зарэгістраваць яе ў ЦВК і пачнем збіраць подпісы за “Народны праект”. Пабачым, што з гэтага атрымаецца.

Напрыканцы мінулага году прадпрымальнікі прадставілі праект «Народнага указа»  – як альтэрнатыву ўказу Лукашэнкі № 222, па якім ІП павінны прадаваць імпартныя тавары лёгкай прамысловасці толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі ж прапануюць увесці спецыяльны фіксаваны збор для тых, хто займаецца рознічным гандлем, і просяць дазволіць ім працаваць без дакументаў на тавары.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя