Прадстаўнік „Human Constanta”: Лёс Мурада Амрыева па-ранейшаму невядомы



Беларусь выдала Расеі чачэнскага ўцекача, спартоўца Мурада Амрыева, які ў гэтай краіне быў у вышуку. Пракуратура Беларусі сцвярджае, што ўсё па закону. А па словах прадстаўніка праваабарончай арганізацыі „Human ConstantaНасты Лойкі, правы ўцекача былі парушаны, створана пагроза яго жыццю. У інтэрв’ю журналісту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу праваабаронца падрабязна распавяла аб сітуацыі з высылкай і аб канфлікце Амрыева з уладамі Чачні.

Наста Лойка: Мурад з Чачні. Ён займаўся спортам. Як усе маладыя людзі ў Чачні, якія актыўна займаюцца спортам, патрапіў пад увагу кадыраўцаў, якія такіх людзей спрабуюць прыцягнуць да сябе на службу, а тыя, хто з гэтым не згодныя, жорстка пераследуюцца. У яго былі факты катаванняў. Ён у выніку збег з Чачні. Апошнія гады жыў ва Украіне. Звярнуўся ў мабільную зводную групу нашых калегаў Камітэта па супрацьстаянні катаванням у Расеі, якія займаюцца знікненнямі, катаваннямі, і сумесна з імі падаў скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. І зараз гэтая скарга на стадыі разгляду. Ён меў від на жыхарства ва Украіне. Яму трэба было прыехаць у Маскву, каб фармальна аформіць нейкія дакументы, таму што былі праблемы з пашпартам. І як толькі ён туды прыехаў, яго адразу затрымалі. Але ў нашых калегаў атрымалася здабыць паперу з Еўрапейскага суда па правах чалавека пра тое, што беспадстаўна яго затрымліваюць. Як толькі ён выехаў з Чачні, як толькі ён публічна распавёў пра тое, што там адбываецца, як толькі ён падаў скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, на яго адразу ў Чачні ўзбудзілі крымінальную справу. Яго абвінавачваюць у тэрарызме. Гэта вельмі сур’ёзнае абвінавачванне. Зразумела, што ён быў у вышуку на федэральным узроўні. Паколькі ў нас ёсць з Расеяй агульная база вышуку, ён патрапіў у гэты міждзяржаўны вышук. Калі ён прыехаў у Расею, яго затрымалі. Ён быў у Бранскім ізалятары. Яго вызваліць праз умяшальніцтва Еўрапейскага суда па правах чалавека. Яго вывезлі сябры ў бок Беларусі. Як толькі ён уехаў у Беларусь, каля памежнага пункта Весялоўка, гэта Добрушскі раён, яго па базе знайшлі ў міждзяржаўным вышуку і затрымалі. Уначы, з 8 на 9 чэрвеня, ён апынуўся ў Добрушскім РАУСе. І далей падзеі пачынаюць разгортвацца наступным чынам. Зранку прыязджаюць у Беларусь юрысты Камітэту супрацьстаяння катаванням. Прыязджаюць два расейскія адвакаты, якія спрабуюць высветліць яго лёс. Яны патрапляюць у Добруш пасля абеду. Міліцыянты ні па тэлефоне, ні вусна не паведамляюць, які ў яго дакладна статус, што збіраюцца з ім рабіць, як сябе адчувае. І ўжо на месцы, калі адвакаты патрапляюць у Добруш, іх да яго не пускаюць, не прымаюць ад іх ніякія дакументы. Сам Мурад крычыць праз вакно, што яму нічога не дазваляюць, не пускаюць адваката, я прашу прытулак, мяне ігнаруюць, не даюць паперы, не даюць асадкі, я прыкаваны кайданкамі.  Каля васьмі вечара з РАУСа ў Добрушы выехала шесць аўтамабіляў, і ў адным з іх быў чалавек падобны на Мурада. За імі паехалі журналісты і юрысты. Часту журналістаў спынілі. Па выніку знікла адна калона, затым і другая. І было не зразумела, што там далей адбываецца. Вядома толькі тое, што яны паехалі ў бок расейскай мяжы і пераехалі расейскую мяжу. Потым дазналіся, што гэта быў фэйкавы манёўр, у гэты момант Мурад быў у РАУСе. Афіцыйна ў РАУСе казалі, што чалавек, які займаецца яго справай сёння на выходным, і таму яны не валодаюць інфармацый і нічога сказаць не могуць. Ёсць афіцыйны каментар Генеральнай пракуратуры, у якім гаворыцца, што адбылася перадача чалавека ў межах міждзяржаўнага вышуку, называюць гэта выдача. То бок афіцыйна гучыць тэрмін выдача. Але што гэта такое, як гэта рэгулюецца, чаму чалавек пры гэтым не мае ніякіх правоў? Не зразумела.

РР: Але пракуратура сцвяржае, што ўсё законна?

Наста Лойка: Пракуратура сцвярджае, што так і павінна быць. Мы зараз рыхтуем зварот у МУС, мы хочам удакладніць, што гэта за працэдура, чым яна рэгулюецца і якія пры гэтым у чалавека ёсць правы. Каб хоць ведаць, што гэта такое і як з гэтым працаваць.

РР: Які далейшы лёс Мурата?

Наста Лойка: Далей адбываецца такое, што ён, канешне, знікае. Нашыя калегі пачынаюць яго шукаць. Зараз дакладнай інфармацыі, дзе ён, няма. Ёсць інфармацыя, што нібыта яго адразу перадалі кадыраўцам і ён ужо нібыта ў Чачні. Зразумела, пры такой хадзе падзей у чалавека вельмі мала шанцаў выжыць і вельмі вялікая верагоднасць быць ахвярай катавання і знікнення. І таму мы тэлефанавалі ў Добрушскі РАУС і тлумачылі, што яго нельга высылаць, нельга выдаваць. Бо калі ён апынецца на тэрыторыі Чачні, то ён канчаткова зьнікне бясследна.

Цалкам гутарка:

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

 

 

 

 

Па словах Насты Лойкі, такімі ўчынкамі ўлады краіны заробяць Беларусі крывавую славу не толькі з-за смяротнага пакарання, але і з-за беспадстаўнай высылкі ўцекачоў на верную смерць.