Прадстаўнікі апазіцыі падалі заяўку на святкаванне Дня Волі



Прадстаўнікі чатырох арганізацыяў — Руху «За Свабоду», Партый АГП, БНФ і БХД — падпісалі 6 студзеня заяўку на правядзенне шэсця на Дзень Волі.

img_1972

Сярод заяўнікаў Аляксандр Русевіч (Рух «За Свабоду»), Дзяніс Садоўскі (БХД), Ягор Віняцкі (АГП), Зміцер Каспяровіч (БНФ).

Традыцыйна акцыя пройдзе 25 сакавіка, збор у 14.00-14.30, акцыя працягнецца да 15.30.

Арганізатары прапануюць Менгарвыканкаму наступны маршрут: пляцоўка ля будынка Акадэміі навук (збор удзельнікаў) — шэсце па праспекце Незалежнасці — парк Янкі Купалы (завяршэнне акцыі). Мітынг не запланаваны.

Меркаваная колькасць удзельнікаў — 950 чалавек.

«Раней былі пытанні ад удзельнікаў акцыі, чаму арганізатары заклікаюць ісці на плошчу Бангалор. Гэтым разам мы вырашылі адхіліцца ад стандартнага маршруту і прапанавалі іншы варыянт — шэсце накіруецца ў цэнтр горада», — пракаментаваў сайту Pyx.by старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, арганізатары разлічваюць, што такі маршрут будзе задаволены ўладамі: раней падставай для адмовы быў мітынг, для якога дазволеная толькі пляцоўка на плошчы Бангалор.

«Шэсцем адзначэнне Дня Волі не абмяжуецца, пройдуць і іншыя мерапрыемствы. Зараз ідуць перамовы пра правядзенне 25 сакавіка святочнага канцэрту. Месца і склад выступоўцаў будуць агучаны напярэдадні мерапрыемства», — заключыў Губарэвіч.

30ef4bb

pyx.by