Прадстаўнікі ініцыятывы “За свой горад” зноў збіраюць подпісы
100 подпісаў сабралі прадстаўнікі ініцыятывы “За свой горад” і сацыял-дэмакраты Берасця пад зваротам за будаўніцтва тратуару ў мікрараёне “Паўднёвы гарадок”.
Ініцыятарам кампаніі выступіў старшыня абласной арганізацыі БСДП “Грамада” Ігар Маслоўскі, які жыве ў гэтым мікрараёне:
– Больш за пяць гадоў у гэтым новым мікрараёне не абсталяваныя пешаходныя дарожкі. Вырашылі праявіць ініцыятыву, сабраць подпісы, каб тут была абсталяваная пешаходная дарожка. Напісалі зварот. Мы бачым, што тэрыторыя вытаптаная каля 10 метраў у шырыню. Калі б тут была пешаходная дарожка, 2-3 метры, людзі б хадзілі. А так кажуць: пыл, лужы. Вельмі нязручна хадзіць. Мы лічым, што ўсё павінна быць для людзей, і нашая мэта – павышэнне якасці жыцця.
Толькі за першыя пяць хвілін актывісты назбіралі каля трыццаці подпісаў. Збор праходзіў на сцежцы, пра якую і вядзецца гаворка ў звароце да ўладаў. Сама яна месціцца між вуліцамі Ракасоўскага і Гвардзейскай, за вайсковай камендатурай.
Кажуць жыхары “Паўднёвага гарадку” з ліку падпісантаў:
– Яна тут неабходная.
– Недалёка тут жывем, вельмі актуальна. Людзі ходзяць па дарозе, бо няма тратуару. Таму трэба, каб зрабілі.
– Тут жыву. Увесь час тут ходзім. Вельмі патрэбны тратуар, бо тут народная сцежка, усе сюды ходзяць, і зразумела, будзе прыемна прайсці па тратуару, а не па зямлі.
Неўзабаве зварот перададуць у Берасцейскі гарадскі Савет дэпутатаў.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя