Прадстаўнікоў інтэрнэт-часопіса „Бинокль” адпусцілі пасля апытання ў КДК



Дырэктара і выдаўца берасцейскага інтэрнэт-часопіса „Бинокль” і яе мужа адпусцілі пасля апытання, праведзенага напярэдадні ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, паведамляецца на сайце выдання.

„Следчая праверка сабраных фактаў і матэрыялаў можа доўжыцца да трох месяцаў, потым на падставе гэтай праверкі будуць вырашаць, заводзіць справу ці не. Канфіскавалі вельмі шмат дакументаў, дзевяць камп’ютараў і два тэлефоны”, — гаворыцца ў паведамленні.

26 студзеня ў кватэры выдаўца „Бинокля” прайшоў агляд па крымінальнай справе аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Былі канфіскаваныя ноўтбукі, флэш-карты, тэлефоны і пячаткі. Быў праведзены агляд кватэры дырэктара „Бинокля”.

Таксама былі канфіскаваныя дакументы і тэхніка ў офісе кампаніі мужа выдаўца.

На сайце часопіса адзначалася, што праверка праводзіцца ў дачыненні да некалькіх юрыдычных асоб, звязаных з сям’ёй выдаўца.

belapan.by