Праект зменаў у артыкул 328 КК знаходзіцца на падпісанні ў Савеце міністраў



Праект зменаў у артыкул 328 КК знаходзіцца на падпісанні ў кіраўніцтва Савета міністраў, паведаміў намеснік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Васіль Чэкан сваякам асуджаных паводле „антынаркатычнага” артыкула.

Прыблізна 30 чалавек прыйшлі раніцай 2 красавіка да Дома ўрада, дзе адкрылася вясновая сесія Палаты прадстаўнікоў. Яны запатрабавалі сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, каб даведацца, калі парламент плануе разгледзець законапраект па карэктаванні 328-га артыкула КК.

Прысутных пусцілі ў хол Дома ўрада, пагутарыць з імі выйшаў Васіль Чэкан. Падчас паўгадзіннай размовы Чэкан паведаміў, што гэты законапраект знаходзіцца на ўзгадненні ў Саўміне. Сваякі асуджаных настойвалі, каб дэпутат звязаўся з Саўмінам і ўдакладніў, на якой стадыі ўзгаднення знаходзіцца дакумент. Чэкан паабяцаў высветліць гэтае пытанне і пайшоў.

Вярнуўшыся, дэпутат расказаў, што звязаўся з юрыдычным упраўленнем Саўміна, дзе яму паведамілі, што адказ з пазіцыяй урада па законапраекце знаходзіцца на падпісанні ў кіраўніцтва. Змест дакумента Чэкану невядомы. Ён растлумачыў, што, паводле працэдуры ўзгаднення, пасля таго як адказ Саўміна паступіць у Палату прадстаўнікоў, пазіцыі парламента і ўрада будуць накіраваныя ў Вярхоўны суд, які таксама павінен будзе вызначыцца адносна прапанаваных зменаў.

У выпадку ўзгаднення ўсімі зацікаўленымі ведамствамі змены ў арт. 328 КК будуць вынесеныя на галасаванне парламента, але не асобным пытаннем, а ў складзе якога-небудзь законапраекта, што тычыцца КК і знаходзіцца на стадыі другога чытання. Напрыклад, паводле слоў Чэкана, у межах гэтай сесіі гэта можа быць законапраект аб барацьбе з допінгам, прыняты парламентам сёння ў першым чытанні. Да канца сесіі яго плануецца дапрацаваць і прыняць у другім чытанні.

Пагаварыўшы з Чэканам, сваякі асуджаных засталіся ў холе Дома ўрада чакаць старшыню парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянціна Міхневіча. Ён выходзіў да іх раніцай разам з Чэканам, але не змог гутарыць даўжэй за пяць хвілін з-за працы сесіі. На гэты момант пленарнае пасяджэнне ніжняй палаты парламента скончылася.

Стала таксама вядома, што некаторыя сваякі асуджаных запісаліся на афіцыйны прыём да Міхневіча 11 красавіка.

Законапраект з папраўкамі ў артыкул 328 КК ужо разглядаўся парламентам вясной мінулага года. Гэтаму спрыяла галадоўка актывістак ініцыятывы „Матчын рух 328”, якая пачалася ў канцы красавіка і доўжылася 15 дзён. Чатырнаццаць жанчын, чые дзеці асуджаныя да доўгіх тэрмінаў зняволення паводле арт. 328, галадалі ў Пухавіцкім раёне (Мінская вобласць) і Калінкавічах (Гомельская вобласць), патрабуючы гуманізацыі пакарання згодна з „антынаркатычным” артыкулам. Яны дамагаліся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, але самым высокапастаўленым чыноўнікам, які сустрэўся з удзельніцамі галадоўкі, стала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

Законапраект аб унясенні зменаў у шэраг кодэксаў прайшоў першае чытанне, у ім з’явілася палажэнне аб зніжэнні ніжняй мяжы пакаранняў паводле частак 2 і 3 артыкула 328 КК. Аднак пры прыняцці законапраекта ў другім чытанні на восеньскай сесіі змякчальныя папраўкі ў арт. 328 былі з яго выкрасленыя. Як растлумачыў член парламенцкай камісіі Васіль Чэкан, камісіі не ўдалося дасягнуць згоды пры ўнясенні паправак у гэты артыкул.

belta.by