Праект зменаў у дэкрэт аб «дармаедах» накіраваны ў Адміністарцыю прэзідэнта



Новы праект змен у дэкрэт прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” накіраваны з урада ў Адміністрацыю прэзідэнта, паведаміў прэс-сакратар прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч.

Дэкрэт № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года, які выклікаў хвалю пратэстаў у лютым—сакавіку 2017 года, абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь, інакш ім можа пагражаць штраф ці адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага. Паводле звестак МПЗ, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні. У мясцовыя бюджэты паступіла 16,3 млн рублёў.

9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой было заяўлена, што адмяняць дэкрэт не стануць, але на працягу года збор спаганяць не будуць. „Хто аплаціў ў 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы”, — паабяцаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт даручыў мясцовым уладам да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта № 3.

З моманту правядзення гэтай нарады дзеянне дакумента фактычна замарожанае, збор не спаганяецца, але і не вяртаецца тым, хто яго аплаціў.

21 сакавіка кіраўнік дзяржавы паведаміў, што дэкрэт аб „дармаедах” ён „не адмяняў і нават не прыпыняў”. 7 красавіка Лукашэнка заявіў аб тым, што ён незадаволены распрацаваным і прадстаўленым яму новым праектам дакумента.

Падчас штогадовага паслання парламенту і народу 21 красавіка кіраўнік дзяржавы заявіў пра неабходнасць „прымусіць кожнага працаваць, выкарыстоўваючы вопыт савецкіх часоў”. „Сёння задача іншая — як мы будзем дзейнічаць у гэтым кірунку. Ізноў прапісаць, як мне прапанавалі: ну вось, не працуеш, павінен нейкую суму ўнесці? Але ж вы разумееце, што за людзі, гэтыя 350 тысяч. Вы ж разумееце, што 10 тысяч унясуць гэтыя грошы і забудуць, а астатнія да лютага або сакавіка наступнага года ні капейкі не ўнеслі. Яны не пойдуць і працаваць, калі іх не прымусіць. і ў лютым—сакавіку ім прасцей выйсці на вуліцы, на плошчы і крычаць гвалтам. А яшчэ падсунуць там нейкую капейку за тое, што ты выйшаў на вуліцу. Бо так было, — сказаў Лукашэнка. — Таму патрэбная новая канцэпцыя — прымусіць кожнага працаваць. Гэта тыя людзі, якіх трэба прымушаць працаваць. І мы маем гэты вопыт — вопыт савецкіх часоў. Я бачыў, як гэтым займаліся. Так, можа быць, не тыя метады, а можа быць, і тыя„.

У маі для распрацоўкі абноўленай канцэпцыі дэкрэта была створаная міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Васіля Жарко.

Па выніках візіту ў Мінск 20—23 чэрвеня спецыяльны саветнік генеральнага дырэктара Міжнароднага бюро працы МАП Кары Тапіёла паведаміў БелаПАН, што падчас сустрэч абмяркоўваліся у тым ліку пытанні аб дэкрэце № 3. „Дэкрэт № 3 зараз прыпынены. Нам паведамілі, што распрацоўваецца новая канцэпцыя. Акрамя таго, у місіі паўсталі пытанні пра ўплыў некаторых іншых дэкрэтаў. Урад накіруе па іх дадатковую інфармацыю ў Камітэт экспертаў МАП”, — падкрэсліў Тапіёла.

Паводле інфармацыі сайта Беларускага незалежнага прафсаюза, на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх незалежных прафсаюзаў члены місіі МАП выказалі ўпэўненасць у хуткай адмене дэкрэта.

БелаПАН