Прафсаюз РЭП выйшаў з Беларускага нацыянальнага кангрэса



Прафсаюз РЭП заявіў пра выхад з Беларускага нацыянальнага кангрэса, палічыўшы сваю місію выкананай.

„Мы бачым развіццё і рост папулярнасці Беларускага нацыянальнага кангрэса. У 2016 годзе, далучыўшыся да БНК, мы ставілі мэту ўмацаваць гэтую структуру. Лічым, што з ёй мы справіліся”, — заявіў парталу praca-by.info прэс-сакратар прафсаюза РЭП Мікалай Герасіменка.

„У 2016 годзе прэзідыум прыняў усвядомленае рашэнне дапамагчы ў стварэнні Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК), — гаворыцца ў заяве прафсаюза. — Гэтае рашэнне, у першую чаргу, было выкліканае жаданнем выказаць удзячнасць мужнасці і стойкасці Мікалая Статкевіча, які прыблізна пяць гадоў па сфабрыкаванай уладамі справе прасядзеў у турме і не пайшоў на здзелку з сумленнем”.

„Нядаўна Рада БНК прыняла рашэнне прымаць у свае шэрагі не толькі агульнанацыянальныя арганізацыі і рэгіянальныя кааліцыі партый, але і непасрэдна грамадзян. Гэта значыць на сёння мы з’яўляемся адзінай арганізацыяй, якая знаходзіцца ў БНК у якасці юрыдычнай асобы”, — адзначыў Герасіменка.

Прафсаюз РЭП „складае з сябе паўнамоцтвы як члена БНК, дзякуе ўсім за супольную працу і будзе рэкамендаваць сваім сябрам уступіць у БНК у якасці фізічных асоб”.

Афіцыйна не зарэгістраваны Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны ў маі 2016 года з ініцыятывы групы грамадскіх і палітычных дзеячаў у мэтах кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч (лідар прафсаюза РЭП), Міхаіл Пастухоў.

belapan.by