Пракуратура Гарадзенскай вобласці хоча спыніць дзейнасць „Гродна Лайф Медыя”



Пазоў з патрабаваннем у прымусовым парадку спыніць дзейнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гродна Лайф Медыя» падала пракуратура Гарадзенскай вобласці. За апошні год рэдакцыя інфармацыйнага парталу Hrodna.life зазнала шматлікія арышты і ператрусы. Сумарна ёй далі больш як на 10 тысяч даляраў штрафаў. У ліпені суд Ленінскага раёну Гародні на закрытым пасяджэнні прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-канал Hrodna.life. Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне прайшло ў Эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці. Суддзя Марыя Рослік удакладніла, што ліквідацыя юрыдычнай асобы — крайняя мера. Таму выслухала пракурора, прадстаўнікоў гарвыканкаму і адказнікаў.

Пракурор Уладзімір Клішын сказаў, што заява пададзена «дзеля абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў». У працы фірмы ён убачыў «дзейнасць, забароненую заканадаўчымі актамі». Прадстаўнікі гарвыканкаму на судзе пагадзіліся з пазіцыяй пракурора. Першае асноўнае судовае паседжанне ў Эканамічным судзе аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя» прызначылі на 26 жніўня, 10:00.