Пракуратура палічыла галенне галоў „заклікам да дзеяння”



11 сакавіка чацвёра студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту пагалілі галовы на знак салідарнасці са зняволенымі па палітычных прычынах.

Працэс быў зняты на відэа і выкладзены ў Інтэрнэт у выглядзе відэароліка пад назовам “На што ты здольны дзеля мары”.

Прадстаўніца пракуратуры Кацярына Ярома, якая прыходзіла ў ВНУ, каб паразмаўляць з удзельнікамі, назвала іх паводзіны “дэструктыўнымі”. А відэаролік – “заклікам да дзеянняў”, распавяла ўдзельніца акцыі салідарнасці Ганна Багданава:

– Яна паведаміла нам, што ролік расцэньвае як дэструктыўныя погляды або паводзіны – я ўжо не памятаю дакладна, як яна гэта сфармулявала. I ім не спадабалася назва флэшмоба “На што ты здольны дзеля мары”. Iм падалося, што гэта гучыць нiбыта заклік да нейкiх дзеянняў.

У навучальнай установе з разуменнем паставiлiся i да самога ўчынка, i да пераменаў у знешнiм выглядзе студэнтак. Гэта не першая акцыя салiдарнасцi ва ўнiверсiтэце, кажа яшчэ адна ўдзельнiца, Алеся Бука:

– У нас была акцыя “0 праміле”, прысвечаная памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Яшчэ ўвосень мы таксама запісвалі відэаролік са зваротам да беларускага народу, дзе выказвалі сваю салідарнасць з тымі, хто выходзіць на акцыі, хто бярэ ўдзел у забастоўках… Мы заўсёды былі актыўныя, і я думаю, што гэта – толькі пачатак.

Яшчэ тыдзень таму Алеся Бука мела доўгія валасы, але не шкадуе пра радыкальныя перамены знешнасці. Бо пагаліць галаву на знак салідарнасці са зняволенымі па палітычных прычынах – гэта дробязь у параўнанні з тым, што вязням даводзіцца трываць за кратамі, кажуць дзяўчаты.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск