Пракуратура разбярэцца?



Берасце абмяркоўвае здарэнне, калі дзеці скінулі з пятага паверха дваравога сабаку. Сабака атрымаў пашкоджанні, але выжыў, і нават атрымаў шанец знайсці гаспадароў. Рэзананс ад здарэння паказвае, што грамадства ўсё больш негатыўна ўспрымае выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі. Але ці дастаткова гэтага, каб прыйсці да высновы, што мы падабрэлі?

Валанцёр Ірына Амельянчук ужо даўно займаецца зааабаронай увогуле і наступствамі гвалту над жывёламі ў прыватнасці.

Ірына Амельянчук, фота аўтаркі

‒ Ірына, усіх шакаваў выпадак з выкінутым з акна сабакам. А ці часта вам прыходзіцца сутыкацца з падобным?

‒ На жаль, вельмі часта. Пастаянна ідуць званкі пра жорскае абыходжанне з жывёламі – як з бяздомнымі, так і дамашнімі.

‒ Што гэта за выпадкі?

‒ З апошніх выпадкаў гэта сабака, якога збіў гаспадар за тое, што той быццам бы яго ўкусіў. Пасля гаспадар казаў міліцыі, што выхоўваў яго за задушаных кур. І нават прад’яўляў іх целы, праз два тыдні пасля здарэння, што само па сабе выклікае пытанні. Ён нанёс сабаку не менш за 7 удараў драўляным брусам па галаве. Жывёлу выратавалі дзеці, якія праходзілі побач. Яны пачалі здымаць пабоі на відэа і папярэдзілі, што выклічуць міліцыю, калі чалавек не перастане біць. Ёй спыніў збіванне, але сказаў ім, каб забралі сабаку і ўсыпілі, іначай ён яго ўсё роўна заб’е. Яны яго забралі і прывезлі ў ветэрынарную клініку, лекар ужо пазваніла мне і папрасіла разабрацца. А дзеці вельмі прасілі не пакідаць гэты выпадак, давесці яго да канца. Цяпер я выконваю просьбу гэтых дзяцей, напісала заяву ў міліцыю пра жорсткае абыходжанне.

‒ І што міліцыя?

‒ Міліцыя прыняла заяву, была бурная дзейнасць, якая закончылася адмовай у адкрыцці адміністрацыйнай справы. Я атрымала смешны адказ, што чалавек ударыў сабаку ненаўмысна (не менш за сем разоў!), і значыць, гэта не жорсткае абыходжанне. Але ў законе няма ніводнага слова пра наўмыснасць, мне адмовілі беспадстаўна, што паслужыла матывам напісаць у пракуратуру, згадаць пра тое, што ўчастковы не апытаў усіх сведак, не атрымаў заключэння пра характар траўмаў жывёлы – то бок справа недастаткова даследавана, а артыкул працэсуальна-выканаўчага кодэкса ўжыты няправільна.

Падлеткі выратавалі сабаку, якую збіваў гаспадар, ад смерці
Падлеткі выратавалі сабаку ад смерці. Фотаздымкі прадастаўлены сведкай здарэння Ганнай Архіпавай

‒ Можа, гэта адзін такі выпадак, калі міліцыя не захацела разбірацца, а ў астатніх выпадках карае вінаватых?

‒ У большасці выпадкаў мне прыходзяць адпіскі. Каля майго дома з пнеўматыкі стралялі па катах, я пісала заяву, і ніхто нікога не знайшоў. Пры знаёмстве з матэрыяламі справы я пабачыла прозвішчы знаёмых жыхароў, якія далі паказанні, што нічога не бачылі і не чулі. Калі я з імі пагаварыла, аказалася, ніякая міліцыя з імі не размаўляла.

Другі выпадак. Мужчына цкаваў катоў ратвейлерам. Каты залазілі на дрэва, ён падыходзіў і стрэсваў іх, тыя падалі ўніз, а сабака іх разрываў. Я дапамагала сведцы пісаць заяву ў міліцыю, але яна пасля адмовілася, бо не верыла, што гэта нечым добрым закончыцца. А я не магла нават пазнаёміцца з матэрыяламі справы, бо не была зацікаўленай асобай. На гэтай жа падставе – што я не зацікаўленая асоба – зусім нядаўна ДАІ адмовіла мне ў абскарджванні рашэння па яшчэ адным выпадку жорсткага абыходжання з жывёлай. Кіроўца аўтамабіля пераехаў шчанюка і пакінуў яго на дарозе без дапамогі. На заяву ў ДАІ я атрымала спачатку адказ, што парушэнняў у дзеяннях кіроўцы не было, а калі паспрабавала абскардзіць гэты адказ у абласной інспекцыі, то даведалася, што не маю права на аспрэчванне. Адказ з ДАІ

‒ Атрымліваецца, нельга быць проста зацікаўленым, каб не чынілі гвалту?

‒ Выходзіць так, хоць калі я пішу заяву, я ўжо зацікаўленая асоба, якая хоча ўзнаўлення справядлівасці. Тым больш што ў працэсуальна-выканаўчым кодэксе, у другім артыкуле, прама напісана, што не толькі пацярпелы і не толькі сведка могуць звяртацца і прадпрымаць нейкія іншыя дзеянні. Але, аказваецца, мала быць проста неабыякавым чалавекам, валанцёрам…

‒ …трэба, каб твайго ката разарвалі, каб ты мог напісаць заяву ў міліцыю.

‒ Так. Каб ты мог мець надзею, што вінаваты панясе пакаранне.

‒ І ці правільна я зразумела, што за наезд на жывёлу няма ніякай адказнасці па заканадаўстве?

‒ Так, гэта парадаксальная сітуацыя, якая, па маім меркаванні, нават правакуе кіроўцаў: навошта аб’язджаць, калі можна беспакарана давіць? Я ж бачу ў дзеянні згаданага кіроўцы не проста парушэнне правіл дарожнага руху, а менавіта жорсткае абыходжанне з жывёламі. Таму што ён дапусціў дзеянне, а пасля бяздзеянне, якое прывяло да пакут шчаняці. Першым колам ён пераехаў яму нагу, другім раструшчыў тазавыя косці і не паспрабаваў знайсці гаспадара ці арганізаваць дапамогу.

‒ Ірына, што, на ваш погляд, трэба рабіць, каб такіх выпадкаў станавілася менш? Каб грамадства станавілася гуманнейшым у адносінах да жывёл.

‒ Па-першае, гаварыць пра гэта. Прывіваць нейкую культуру паводзін людзям. Я лічу, што пачынаць усё-такі трэба з людзей, а не з дзяржавы. Кажуць, строгасць нашых законаў памякчаецца неабавязковасцю іх выканання. То бок, якія б строгія законы не былі прыняты, гэта ўсё роўна будзе чалавечы фактар. Закон не будзе працаваць, калі людзі самі не будуць нейкім чынам рэагаваць. Не будуць спыняць і не будуць самі чыніць жорсткія адносіны да жывёл.

‒ Але тое, што людзі публічна абураюцца жорскімі дзеяннямі, гаворыць пра нейкую паступовую гуманізацыю грамадства?

‒ Так. І я заўважыла, нават за тыя чатыры гады, што працуе наша суполка ў сацыяльных сетках “Абарона правоў жывёл”, колькасць пачынае перарастаць у якасць. Колькасць удзельнікаў, колькасць пастоў, колькасць выпадкаў дапамогі жывёлам перарастаюць у якасць. Павялічваецца колькасць людзей, якія хочуць дапамагчы і – больш за тое – канкрэтна робяць нешта сваімі рукамі. Яны ўключаюцца ў працэс, і гэта вельмі радуе.

Сапраўды, інфармаваць і выхоўваць грамадства важна. Але хацелася б, каб тыя, што ўжо выхаваліся, мелі магчымасць законнымі сродкамі прыцягваць да адказнасці людзей з прабеламі выхавання. Пакуль, відавочна, зрабіць гэта праблематычна.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце