Пракуратура заблакавала сайт «Брэсцкай газеты»



Доступ да сайту «Брэсцкай газеты» быў абмежаваны паводле пастановы пракурора Берасцейскай вобласці, бо інтэрнэт-рэсурс нібыта дапускаў «шматлікія парушэнні». «Асобныя артыкулы суправаджаліся радыкальнымі паведамленнямі, якія распальваюць варожасць па палітычных і ідэалягічных матывах. Публікавалася і іншая інфармацыя, якая відавочна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сытуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасьць дзяржаўных і праваахоўных органаў», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Раней інфармацыйную прадукцыю сайту «Брэсцкай газеты» ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сёлета ў студзені газета спыніла выпуск друкаванага выдання пасля масавых адмоваў з боку друкарняў. Рэдакцыя працягнула працу на сайце і ў сацыяльных сетках.

8 снежня таксама быў заблакаваны сайт электроннага выдання «Ежедневник», а галоўнага рэдактара Сяргея Сацука пасля ператрусу даставілі ў Следчы камітэт.