Пракурор просіць пакараць кіроўцу аўтадома „Страна для жизни” шасцю гадамі



Шэсць гадоў узмоцненага рэжыму патрабуе ў Кастрычніцкага суда Гародні пракурор Дзяніс Корда для Аляксандра Арановіча, кіроўца блогера Сяргея Ціханоўскага.

Аляксандар Арановіч абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу і ўжо амаль адзінаццаць месяцаў утрымліваецца пад вартай. Сваю віну Аляксандр не прызнаў, заявіўшы, што ўсе артыкулы супраць яго сфабрыкаваныя і бяздоказныя. За працэсам назірае правабаронец з Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель:

– Аляксандар Арановіч не змог надалей слухаць абвінавачванні пракурора і заклікаў даць адвод суддзі. Таксама суддзя сама на сябе разгледзела гэты адвод, не дала сама сабе адвод. Надалей ужо, калі слухалі абвінавачанні пракурора, не стрымаўся Арановіч, сказаў, што ўся справа сфабрыкаваная і ён не можа больш гэта слухаць. Канвойныя вывелі Арановіча з суда.

27 красавіка прагучыць апошняе слова абвінавачанага, які не прызнае сваёй віны, дамагаецца вызвалення ды вяртання канфіскаваных рэчаў. Таксама адбудзецца вынясенне прысуду.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня