Пракурор запрасіў 12 гадоў калоніі для менчука, якога судзяць за наезд машынай на вайскоўцаў 11 жніўня



У Менскім гарадскім судзе 20 красавіка адбываюцца судовыя спрэчкі па крымінальнай справы супраць 25-гадовага інжынера БНТУ Ціхана Осіпава. Яго абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), загадзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400).

Па версіі абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, наехаў на BMW на пецярых вайскоўцаў, пасля чаго утапіў свой аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю аб угоне, паведамляе «Вясна».

Віну Осіпаў прызнаў толькі па ч. 1 арт. 400 КК (загадзя ілжывым даносе), па другіх артыкулах — цалкам не прызнаў. На судзе ён казаў, што ў яго не было намера на забойства, ён тады спалохаўся, убачыўшы як сілавікі разбіваюць машыны і выцягваюць адтуль кіроўцаў, таму ён і з’ехаў, выпадкова зачапіўшы вайскоўцаў. Па словах хлопца, пакуль ён ехаў, сілавікі разбілі яму задняе правае шкло, супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля, тады ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б’юць дубінкамі.

Пры гэтым, дзяржабвінаваўца Антон Цюменцаў лічыць, што віна Ціхана цалкам даказаная і просіць суд пакараць хлопца дванаццацю гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Па ч. 2 арт. 293 КК — 4 гады, ч.1 арт. 400 — 1 год, ч.1 арт. 14 і арт. 362 — 11 гадоў, сумарна — 12 гадоў пазбаўлення волі. Таксама з Ціхана просяць спагнаць судовыя выдаткі ў суме 2670 рублёў. Маральную шкоду пацярпелым вайскоўцам у агульнай суме 1300 рублёў ён кампенсаваў да суда.

Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Цыкалы.

Нагадаем, згодна з версіяй абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Менску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».

Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанавала ў 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.

Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.

Ціхан на судзе распавёў пра падзеі 11 жніўня. Ціхану трэба было на МКАД: на скрыжаванні Прытыцкага—Глебкі ён убачыў у люстэрка задняга выгляду, надыходзячы да яго шэраг людзей са шчытамі.

«Я думаў, што яны пройдуць міма, і мы спакойна паедзем далей. Але я ўбачыў, што ў суседняй паласе сілавікі проста падышлі да аўто, выцягнулі з яго кіроўцу і пасажыра і паклалі тварам у зямлю, — распавёў абвінавачаны. — Да мяне таксама падышлі. Я спалохаўся і прыняў рашэнне з’ехаць. Уключыў аварыйку і пачаў рух».

Па словах кіроўцы, пакуль ён ехаў, адзін з сілавікоў разбіў яму задняе правае шкло. Яшчэ адзін ударыў злева. А пры перастраенні аўтамабіліст чуў стук па кузаве ў задняй частцы аўто.

«Перабудоўваючыся, я сігналіў, каб мяне маглі заўважыць Людзі на праезнай частцы. Калі ўбачыў групу сілавікоў, то пасігналіў ім і паміргаў фарамі. Перад маім набліжэннем яны пачалі расступацца».

Ціхан заўважыў, што супрацоўнік злева накіроўваў зброю ў бок яго аўтамабіля. Тады ён прыгнуўся і ўжо не кантраляваў дарожную сітуацыю, але чуў, як па машыне з усіх бакоў б’юць дубінкамі.

Калі ён ад’ехаў ад месца падзеяў, то хлопец убачыў таніраваны аўтобус з супрацоўнікамі ў чорнай форме, і падумаў, што яго пераследуюць. Ён спалохаўся і зноў заехаў у парк «Цівалі». Паводле яго слоў, там не гарэлі ліхтары і было цёмна, таму ён выпадкова з’ехаў у вадаём. Выбраўшыся з аўто, абвінавачаны выйшаў на вуліцу, сеў у таксі і паехаў дадому. Там ён патэлефанаваў 102 і заявіў аб згоне, пасля чаго напісаў заяву, адзначыўшы пры гэтым, што машыну маглі эвакуіраваць з-за няправільнай паркоўкі.