Пракурор запытаў для фігурантаў „справы Ціханоўскага” ад двух да чатырох гадоў калоніі



На працэсе ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні падчас спрэчак 17 траўня дзяржаўны абвінаваўца запытаў для фігурантаў „справы Ціханоўскага” ад двух да чатырох гадоў калоніі.

Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава, пракурор — Мікіта Мыслівец. Працэс пачаўся 18 студзеня.

Пракурор папрасіў суд прыгаварыць Дзмітрыя Фурманава да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку — да трох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму, Уладзіміра Кнігу — да чатырох гадоў калоніі строгага рэжыму.

Усе трое знаходзяцца пад вартай амаль год. Фурманава і Разнічэнку затрымалі разам з Сяргеем Ціханоўскім і абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Кнігу і Разнічэнку таксама абвінавачваюць у гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт. 364 КК).

Абвінавачаныя прысутнічалі на пікеце 29 траўня мінулага года на Савецкай плошчы Гародні. Каардынатар ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў збіраў подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Яго забралі з пікета невядомыя разам з крэслам. Яўген Разнічэнка падтрымаў міліцыянера Казлоўскага, які падаў на яго, каб той не стукнуўся пры падзенні. Былога міліцыянера Уладзіміра Кнігу забралі праз некалькі дзён, калі ён дапамагаў камандзе Ціханоўскай ставіць палатку для збору подпісаў.

Падчас інцыдэнту, паводле версіі абвінавачання, на пікеце пацярпелі чацвёра сілавікоў: участковыя Ленінскага РАУС Гродна Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, амапаўцы Дзмітрый Рахунок і Віктар Буднік. Казлоўскі ўпаў пасля інцыдэнту на Савецкай плошчы, Хваленя хадзіў з гучнагаварыцелем, у інфармацыйнай камізэльцы. Апошнія двое затрымлівалі Ціханоўскага.

belapan.by