Пракурор запытваўся, ці былі ў дзяжурнага ўстаўныя зубы



У судзе Бярозаўскага раёна скончылася судовае паседжанне па іску праваабаронцаў да раённага выканаўчага камітэта. Праваабаронцы аспрэчвалі незаконную адмову ў пікеце 10 снежня – у Міжнародны дзень абароны правоў чалавека. На судовым паседжанні яны прывялі бясспрэчныя доказы неабаснаванасці адмовы. Прадстаўнік пракуратуры, старэйшы памочнік пракурора Юрый Пракапчук не стаў ці не змог абаснаваць сваё рашэнне іск не задавальняць. Суддзі Алене Нямковай спатрэбілася ноч, каб аргументаваць сваю адмову, кажа праваабаронца Сяржук Русецкі:

– Цяжка знайсці нейкае канкрэтнае абаснаванне, законнае, па якой гэты пікет можна было забараніць. Можа пракурор шмат пра што думаў, проста забыўся пра гэта сказаць. І суддзям трэба ж паказаць, што яны нібыта стараюцца разабрацца ва ўсіх нюансах справы, усе нюансы высветліць. Пракурор запытваўся ў спадарыні Таццяны Тарасевіч, у якой спадніцы была дзяжурная, у якой кофце яна была, ці былі ў дзяжурнага адміністратара па стадыёне ўстаўныя зубы.

Таццяна Тарасевіч: Няўжо гэта такая складаная справа, што трэба тры дні яе разглядаць, а на чацвёрты наканец-такі вынесці рашэнне. Гэта ж простая справа.

Сяржук Русецкі: Трэба ж нейкія шукаць падставы, каб адмовіць.

IMG_2892

Бярозаўскія праваабаронцы не згодныя з рашэннем суда Бярозаўскага раёна і будуць аспрэчваць яго рашэнне ў абласным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя