Прапаршчык кінуў у салдата рыдлёўкай, у таго разарвала селязёнку



Да пяці гадоў пазбаўлення волі прыгавораны прапаршчык, па віне якога на палігоне Ласвіда (Віцебская вобласць) пацярпеў салдат тэрміновай службы. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Віцебскім абласным судзе.

Пра інцыдэнт, які адбыўся яшчэ ў жніўні мінулага года пры правядзенні гаспадарчых работ на палігоне за 13 кіламетраў ад Віцебска, паведаміла 22 лютага газета „Наша ніва”. Паводле інфармацыі выдання, прапаршчык кінуў у салдата рыдлёўку і ў таго здарыўся разрыў селязёнкі.

„Віцебскі раённы суд разглядаў гэту справу, цяпер пададзена апеляцыйная скарга, пакуль прысуд не набыў законную моц”, — паведаміла памочнік старшыні Віцебскага абласнога суда Наталля Платоненка.

Прысуд раённага суда быў вынесены 30 студзеня. Дата разгляду справы ў абласным судзе пакуль невядомая.