Прапажу курэй на птушкафабрыцы збіраліся кампенсаваць за кошт  калектыву



На птушкафабрыцы „Беларуснафта-Асобіна” падчас інвентарызацыі выявілі нястачу прадукцыі — 17 тон курынага мяса на 57 тыс. рублёў.

Першапачаткова кіраўніцтва птушкафабрыкі заявіла работнікам (59 чалавек), што нястача будзе спагнаная з іх, бо яны падпісвалі дагавор аб матэрыяльнай калектыўнай адказнасці. Частка працаўнікоў не пагадзілася з абвінавачаннямі. Сем з іх звярнуліся да прававога інспектара незалежнага прафсаюза РЭП Леаніду Судаленкі па юрыдычную дапамогу.

„На прадпрыемстве ўстаноўлена калектыўная матэрыяльная адказнасць, а гэта значыць, што працаўнікі не абавязаны даказваць адсутнасць сваёй віны ў нанясенні шкоды. Для прыцягнення працаўніка да матэрыяльнай адказнасці акрамя самой шкоды патрабуецца адначасовая наяўнасць віны работніка, супрацьпраўнасці яго дзеянняў, прамой прычыннай сувязі паміж яго паводзінамі і ўронам. Нават калі гэта ўсё работадаўца дакажа ў судзе, працаўнікі могуць разлічваць на значнае зніжэнне судом сум, якія падлягаюць спагнанню, у залежнасці ад іх матэрыяльнага і сямейнага становішча”, — заявіў БелаПАН прававы інспектар.

Ён дапамог работнікам птушкафабрыкі скласці заяву ў камісію па працоўных спрэчках і зняць выстаўленыя матэрыяльныя прэтэнзіі.

На прадпрыемстве адмовіліся каментаваць сітуацыю. Прэс-служба „Беларуснафты” паведаміла БелаПАН, што ў выніку інвентарызацыі была выяўлена нястача, у сувязі з гэтым створана камісія па службовым расследаванні фактаў утварэння нястачы і вызначэнню ступені вінаватасці работнікаў.

„Камісія працуе, ідзе расследаванне. Ніякіх загадаў аб прыцягненні работнікаў складу да матэрыяльнай адказнасці не выдавалася, такім чынам, ніякіх утрыманняў з заработнай платы работнікаў не было. Аб вінаватасці або невінаватасці работнікаў, як і аб кампенсацыі матэрыяльнага ўрону, можна будзе гаварыць пасля вынікаў службовага расследавання”, — заявілі ў прэс-службе.

belapan.by