Пратакол за фота з партыйным сцягам у тэлефоне



У Савецкі РАУС Гомеля 20 студзеня былі дастаўленыя муж і жонка Наталля Юшкіна і Вадзім Васільеў. Дома ў іх прайшоў агляд, падчас якога міліцыянеры канфіскавалі тэхніку, тэлефоны і невялікія сцяжкі з сімволікай зарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Як паведаміла БелаПАН Наталля Юшкіна, яе затрымалі на вуліцы і паказалі санкцыю пракурора на „агляд памяшкання”. Пасля агляду жанчыну даставілі ў Савецкі РАУС, дзе „апытвалі” ад 14-й да 22-й гадзіны.

„Спачатку мне выставілі, што я нібыта фатаграфавалася са сцягам каля возера. Але гэта „не даказалі” і пачалі корпацца ў тэлефоне. Там знайшлі фатаграфію, дзе я стаю з партыйным сцягам ля ялінкі. Склалі пратакол на падставе 23.34 КоАП — незаконнае пікетаванне. Мне пагражалі, што мяне і мужа завязуць у ІЧУ, а дзяцей забяруць. Дзецям паўтара года і 12 гадоў. Таксама ў мяне знайшлі паштоўку ад палітычнага вязня Сяргея Ціханоўскага і папракалі гэтым. Маўляў, вось чаму вы пішаце палітвязням і дапамагаеце ім, а не дапамагаеце дзецям у дзіцячым доме”, — паведаміла Юшкіна.

У гэты ж дзень у Савецкі РАУС на „апытанне” быў дастаўлены яе муж Вадзім Васільеў. „Яны задавалі пытанні аб БСДП (Грамада), нешта шукалі ў маім тэлефоне, а потым сказалі: „Здай хоць каго-небудзь — і пойдзеш дадому замест ІЧУ”. Метады былі нейкія прымітыўныя”, — сказаў Васільеў.

Блізу 23.00 яго адпусцілі.

belapan.by