Пратакол за снегавіка з улёткамі



У Берасцейскім РАУС 23 студзеня на праціўніцу будаўніцтва акумулятарнага завода Юлію Нічыпарук склалі пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, Нічыпарук выклікалі ў райаддзел міліцыі павесткай у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

„На яе склалі пратакол за тое, што 5 студзеня ў Берасцейскім раёне побач з акумулятарным заводам, што будуецца, яна замацавала на снегавіка ўлёткі супраць завода. Гэта міліцыя палічыла несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам”, – сказаў праваабаронца.

У той дзень група праціўнікаў акумулятарнага завода сабралася ў Берсцейскім раёне побач прадпрыемствам, што будуецца. Такім чынам яны адзначылі гадавіну барацьбы супраць яго будаўніцтва. Нічыпарук прыйшла з двума сваімі дзецьмі, якія ляпілі снегавікоў.

„Міліцыя відавочна не з тымі змагаецца. У лістападзе ў Берасці супрацоўнікі міліцыі затрымалі праціўніка акумулятарнага завода ў роставай ляльцы лісы. Зараз узяліся за снегавіка”, — сказаў Кісляк.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 44 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейскі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі прадпрыемствы збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што засцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, – сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць дастойную заработную плату”, — заявіў ён.

belapan.by