Пратэст супраць дэкрэту №3 набірае моц



“Любое дзеянне мае сэнс”, – кажа палітык Алесь Лагвінец, які заклікае збіраць подпісы супраць так званага дэкрэта за дармаедства, і дамагацца яго адмены. Прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных партый збіраюць падпісы, якія павінны узмацніць пазіцыю дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганны Канапацкай. У парламенце яна выступае за адмену дэкрэта №3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

У тым, што ён абсурдны – пераканаліся многія, – кажа Алесь Лагвінец:

– Сапраўды гэты дэкрэт бессэнсоўны, накіраваны на тое, каб раскалоць беларускае грамадства. Ён не мае эканамічнага сэнсу. Ён, па сутнасці, вымушае людзей даплачваць за тое, што яны дыхаюць паветрам. Бо так ці інакш мы ўсе плацім падаткі. Сама ініцыятыва вельмі важная. Шкада, што яна запозненая. Я думаю, калі гэта пойдзе па іншых гарадах, то ёсць пэўная магчымасць паўплываць на дзейнасць уладаў. Мы ведаем, што часам улады адкручваюць назад.

«А вось ці адкруцяць назад – казаць вельмі цяжка», – заўважае палітычны аналітык Святлана Калінкіна, якая лічыць пазітыўным тое, што на праблему звярнулі ўвагу апазіцыйныя палітыкі. Але патрэбная і рэакцыя грамадства:

– Нашая ўлада нарабіла ў гэтай краіне столькі памылак, але не ўмее выпраўляць свае памылкі. Аднак грамадскі ціск з удзелам прафсаюзаў, палітыкаў, простых людзей такога італьянскага страйку, калі людзі проста будуць адмаўляцца заплаціць, трымаючы дулю ў кішэні, – гэта можа прывесці да таго, што так або інакш гэтае рашэнне пра аплату падаткаў будзе перагледжана.

Дэкрэт Лукашэнкі „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ўстанаўлівае абавязак тых, хто не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў год, выплаціць збор у памеры 20-ці базавых велічынь.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя