Пратэстоўцаў з Гомля асудзілі на тры гады калоніі
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес прысуд па крымінальнай справе палітвязняў Станіслава Мачалава і Дзмітрыя Грышчанкі. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 КК), а Мачалава дадаткова яшчэ і ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ).
Справу завялі па падзеях 20 верасня 2020 году, калі ў Гомлі праходзіла акцыя пратэсту. Людзі, ратуючыся ад амапаўцаў, перабеглі праз праезную частку вуліцы Савецкай. Следства кваліфікавала гэта як «блакаванне дарогі». Суддзя Віктар Казачок прысудзіў Станіславу і Дзмітрыю па тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе ПЦ Вясна.
