Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся на нядзельную сустрэчу



Больш за 80 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся 8 ліпеня каля паўдня на плошчы Леніна ў Берасці. Яны стаялі групамі, кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Паколькі побач праходзіў арганізаваны мясцовымі ўладамі спартыўны фестываль „Берасце — горад футбольных традыцый”, праціўнікі будаўніцтва завода вырашылі ў ім прыняць удзел і правялі футбольны матч. Каманда ў майках з надпісамі „Не заводу!” згуляла супраць каманды ў майках „Ай памёр”. Матч доўжыўся 45 хвілін. Са значнай перавагай перамагла каманда „Не заводу!”.

Матчу папярэднічала абмеркаванне распачатага 6 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Берасця разгляду спраў па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленкі.

Актывісты былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі 24 чэрвеня ў Берасці каля рынка на вуліцы Пушкінскай падчас збору подпісаў за адстаўку брэсцкіх чыноўнікаў — кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў. Бекалюка і Ярмоленку даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе апыталі. Затым у дачыненні да іх склалі пратаколы.

Разгляд спраў Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленкі працягнецца ў судзе 11 ліпеня.

Раней, нагадаем, праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода звярнуліся ў Нацыянальны сход з просьбай патлумачыць, ці з’яўляецца збор подпісаў на вуліцы масавым мерапрыемствам, якое падпадае пад дзеянне адпаведнага заканадаўства. 8 чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч накіраваў аўтарам адказ, у якім паведаміў, што збор подпісаў масавым мерапрыемствам не з’яўляецца.

Многія з тых, хто прыйшоў сёння на плошчу, абураліся судовым працэсам. „Такога судзілішча я яшчэ не бачыў. Інакш як здзекам над судовай сістэмай гэта назваць нельга”, — заявіў брэстаўчанін Аляксандр.

Паводле яго слоў, суддзя адхіліў хадайніцтва Ярмоленкі і Бекалюка аб выкліку ў суд у якасці сведак супрацоўнікаў міліцыі, якія здымалі збор подпісаў і з чаго можна зрабіць выснову, што гэта быў менавіта збор подпісаў, а не масавае мерапрыемства.

На думку берасцейкі Людмілы, гэты суд яшчэ адзін доказ, што праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода хочуць запалохаць. Паводле яе слоў, калі суддзя ўжо пакінуў залу пасяджэння, людзі, якія прыйшлі ў залу суда, паднялі лісты з рэпрадукцыямі дыптыха Герарда Давіда „Суд Камбіса” ці „Здзіранне скуры з прадажнага суддзі”. Гэта карціна была напісана нідэрландскім мастаком у 1498 годзе для залы судовых пасяджэнняў у ратушы Бруге і была закліканая нагадваць аб неабходнасці судзіць справядліва.

Сам Дзмітрый Бекалюк заявіў сёння на плошчы: „Мяне судзяць за тое, што я хацеў звярнуцца да кіраўніка дзяржавы. Гэта нонсэнс”. У інтэрв’ю БелаПАН актывіст паведаміў, што пакуль суд не вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе, збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў часова прыпынены. Паводле яго слоў, на мінулым тыдні было дадаткова адпраўлена 255 подпісаў. У цэлым такіх подпісаў ужо сабрана каля 4,5 тыс.

Праціўнікі будаўніцтва завода таксама лічаць суд рэпрэсіямі ў дачыненні да нязгодных з узвядзеннем небяспечнага прадпрыемства і заявілі, што не маюць намеру адступаць.

Будаўніцтва акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 траўня на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшынь брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу.

24 чэрвеня праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода вырашылі па выхадных днях працягнуць у Брэсце вулічны збор подпісаў за адстаўку гэтых чыноўнікаў.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў Берасці шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Берасцейскі гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Берасцейскі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.

belapan.by