У Берасці сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода



У Берасці на плошчы Леніна 9 лютага апоўдні чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Згодна са звесткамі праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было больш за 120 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала іх аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Праціўнікі завода абмеркавалі вынесенае 5 лютага рашэнне эканамічнага суда Берасцейскай вобласці, які задаволіў іск аблвыканкама да ТАА „АйПаўэр” аб вяртанні грашовых сродкаў у інавацыйны фонд. Берасцейскі аблвыканкам дамагаўся спагнання з „АйПаўэра” 5 млн 725 тыс. рублёў у інавацыйны фонд, бо кампанія не выканала абавязацельствы па дагаворы: не быў рэалізаваны ў тэрмін праект па будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю акумулятарнага завода.

Акрамя таго, суд адмовіў „АйПаўэру” ў задавальненні пададзенага кампаніяй падчас разгляду справы сустрэчнага іску да аблвыканкама аб пацвярджэнні факта нязначнасці інавацыйнай дамовы ад 2016 года.

Як заўважыў падчас сустрэчы на плошчы Кісляк, такое рашэнне ў дачыненні да „АйПаўэра” „натхніла праціўнікаў завода, натхніла іх на больш актыўную працу дзеля закрыцця прадпрыемства”.

Алена Макарэвіч адзначыла, што 5 лютага прысутнічала на вынясенні рашэння суда і ўсе праціўнікі завода сустрэлі яго апладысментамі. „Суд вырашыў усё па сумленні. Інавацый ў гэтым заводзе няма і не было”, — сказала яна.

У сваю чаргу грамадскі актывіст Уладзімір Мароз заўважыў, што не чакаў такога рашэння суда і „прыемна здзіўлены”. „Рашэнне правільнае. Паглядзім, як будуць далей развівацца падзеі. Дзяржава ў нас непрадказальная”, — лічыць Мароз.

Актывіст Алег Вялаў мяркуе, што „закрыць завод не проста і для гэтага выкарыстоўваюць эканамічныя рычагі”. „Выплата у інавацыйны фонд падкосіць „АйПаўэр”, таму што ў кампаніі не настолькі шмат грошай”, — выказаў ён думку. Тым больш, дадаў актывіст, фінансавых выдаткаў патрабуе таксама правядзенне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і кансервацыя прадпрыемства, якая зараз праводзіцца.

Усе ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы сышліся ў меркаванні, што „АйПаўэр” абскардзіць рашэнне суда.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 мая 2019 года кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

У чэрвені Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала падаванне недакладных звестак.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „з-за неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”.

У верасні Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Берасцейскай крэпасці заявіў, што ён „на баку людзей”, якія занепакоеныя праблемамі, звязанымі з уводам у эксплуатацыю акумулятарнага завода. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна даць мясцовым жыхарам права правесці экспертызу будаўніцтва прадпрыемства. „Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод”, — падкрэсліў ён.

belapan.by