Працягваецца пераслед фігурантаў „свіслацкай справы”



Старшыня гарадзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў не ведае, ці праходзіў суд у Свіслачы па ягонай адміністрацыйнай справе, бо яго туды не запрасілі афіцыйнай позвай. Напярэдадні на яго быў складзены пратакол, як на фігуранта “Свіслацкай справы”, удзельніка пахавання свіслацкага актывіста Віктара Дзясяціка і ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года.

Вадзім Саранчукоў мяркуе, што суддзя Аляксандар Шылін яго не ўведаміў пра судовае паседжанне:

– Тэарэтычна 19 снежня мусіў адбыцца працэс па маёй справе. Тэарэтычна -таму, што я пра гэта даведаўся з СМСкі, якую мне нібыта даслалі з суда. У юрыдычнай практыці і ў адміністрацыйна-працэсуальным кодэксе такой формы запрашэння на паседжанне не існуе. Таму я і не разглядаў гэта як запрашэнне. Першы раз суд вярнуў маю справу, таму што не былі выкананыя патрабаванні заканадаўства – не былі ўзятыя ў мяне тлумачэнні.

Вадзім Саранчукоў не выключае, што суд адбыўся і без яго пісьмовых тлумачэнняў. Таму, калі суд і адбыўся, на думку старшыні гарадзенскага БНФ, то ён не можа разглядацца як праўнае дзеянне.

За ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-га года 26-га кастрычніка ўжо аштрафаваныя: Юры Глебік са Свіслачы, Міхал Карневіч, Уладзімір Хільмановіч, Ежы Грыгенча, Віталь Лопасаў, Віктар Бабкін, Уладзімір Пруднікаў, Аляксандра Васілевіч, Алесь Астроўскі з Гародні, Віталь Гуляк з Ваўкавыску, Алесь Мех з Кобрыні, Кастусь Дзмітрыеў з Азёраў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

[manual_related_posts]