Працягваецца пераслед незалежных журналістаў



Начальнік Лоеўскай міліцыі хоча прыцягнуць да адказнасці незалежнага журналіста Канстанціна Жукоўскага. Афіцэр міліцыі Уладзімір Быхаўцоў падаў зыск у суд Цэнтральнага раёна Гомеля аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі. У заяве міліцыянт называе відэасюжэты тэлеканала „Белсат” пра будні лоеўскай міліцыі паклёпніцкімі. Журналіст-фрылансер Канстанцін Жукоўскі лічыць, што судовы пераслед – гэта вынік адсутнасці грамадскага кантролю за праваахоўнымі органамі.

– Ён прадстаўнік улады, ён дэпутат, ён яшчэ і начальнік міліцыі. З пункту гледжання дзяржавы – ён беззаганны. Таму ўсё тое, што было мною і Аляксеем Атрошчанкам выяўлена ў Лоеве, тое, што з намі здарылася, гэта выпадае з іхнай сістэмы беззаганнасці начальніка міліцыі і дэпутата. Таму яны пачалі траўлю мяне, падаўшы пазоў. Міліцыянтам у Лоеве ёсць шмат што хаваць. Я асабіста лічу, што там дзейнічае злачынная групоўка сярод супрацоўнікаў міліцыі. Гэта выцякае з майго журналісцкага расследавання.

Міліцыянт Уладзімір Быхаўцоў намераны спагнаць з журналіста Канстанціна Жукоўскага 2 тысячы беларускіх рублёў кампенсацыі. Запатрабаваная сума мусіць быць пералічана на рахунак дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Лоеве. Разгляд справы адбудзецца 19 снежня а 10-й гадзіне у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель