Завяршыўся чарговы дзень разгляду справы Аляксандра Бельчука



Завяршыўся чарговы дзень разгляду справы фермера Аляксандра Бельчука. Гэтым разам з абодвух бакоў былі дапытаныя яшчэ двое сведкаў, сярод якіх і мясцовы участковы маёр Андрэй Гапонік. Сваякі абвінавачанага па-ранейшаму лічаць працэсы вакол сям’і Бельчукоў – змовай.

Каментуе бацька абвінавачанага Іван Бяльчук:

– Суддзя не даў мне выказацца. Я яму хацеў факты сказаць, а суддзя кажа, што гэта не датычыць справы. Ясна, хочуць усё задушыць, каб ліквідаваць ферму.

 У разглядзе справы аб’яўлены перапынак да 23 лютага.

***

У Судзе Маларыцкага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы фермера Аляксандра Бельчука. Яго вінавацяць у “гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі” АМАПаўца Дзяніса Зянюціча.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які сочыць за працэсам, не спадзяецца на справядлівы разгляд, аднак, не выключае таго, што міліцыянты так ці інакш на роўні ведамства будуць пакараныя:

– Канешне, яны стараюцца пазьбегнуць адказнасці і прапануюць сваю версію, якая цалкам  разыходзіцца з версіяй абвінавачанага. Наколькі аб’ектыўным будзе суд, я не ведаю. Але лічу, што пасля суда, незалежна ад прысуду, з супрацоўнікамі міліцыі будзе праведзена дакладнае разбіральніцтва.

Разгляд справы вядзецца з перапынкамі з 27 студзеня 2017 года. Аляксандр Бяльчук быў затрыманы і змешчаны ў Следчы ізалятар горада Берасця пасля спробы абараніць ад невядомых свайго брата Мікалая. Як высветлілася пазней, невядомыя з’яўляліся супрацоўнікамі АМАПу ў цывільным.

Весці фота- і відэаздымкі працэса па-ранейшаму забаронена.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Маларыта